Вядомы беларускі тэнісіст Максім Мірны ў наступным сезоне не будзе выступаць у пары з румынам Хорыяй Тэкаў.

На думку Мірнага, сёлета іх тандэм з Тэкаў не дабіўся вялікіх поспехаў, выйграўшы ўсяго тры турніры пад эгідай АТП — у красавіку ў Бухарэсце, у чэрвені ў галандскім Хертагенбосэ і ў кастрычніку ў Пекіне. Акрамя таго, беларуска-румынская пара двойчы пацярпела паразы ў вырашальных матчах. Па выніках сезону Максім Мірны і Хорыя Тэкаў занялі 9-е месца ў парным сусветным рэйтынгу і не патрапілі на фінальны турнір 2013 з удзелам васьмі найлепшых пар планеты.

У мінулыя гады Максім Мірны двойчы станавіўся пераможцам выніковых турніраў АТП — у 2006 годзе са шведам Ёнасам Б'ёркманам і ў 2011-м — з канадцам Даніэлем Нестарам.

Усяго за сваю прафесійную кар'еру Мірны 48 разоў выйграваў парныя турніры з рознымі партнёрамі.

Максім Мірны, якому зараз 36 гадоў, пакуль не вызначыўся, хто будзе гуляць разам з ім у наступным сезоне. А вось Хорыя Тэкаў мае намер выступаць у 2014 годзе ў дуэце з галандскім тэнісістам Жанам-Жульенам Роерам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?