Кадр з відэа гурту SEX.

Кадр з відэа гурту SEX.

Рагачоўскі гурт SEX імкліва набраў папулярнасць сярод беларускіх аматараў панка прыблізна паўтара года таму. Не кожны музыка можа праехацца з паспяховым турам па клубах Беларусі і быць запатрабаваным у Расіі. Аднак ад нядаўняга часу музыкі сталі сутыкацца з непрыемнасцямі.

«Пачалося ўсё ў лютым гэтага года, — расказвае лідар гурта Валерый Навічкоў — Мы акурат знялі трэці кліп, калі мяне выклікаў начальнік на працы, якому зверху далі заданне разабрацца, чым займаюцца ягоныя супрацоўнікі.

Аказалася, што ў нашым кліпе шукалі заклікі да ўжывання наркотыкаў (музыкі далі для гэтага падставу — у кліпе яны ірвуць і піхаюць у пакеты каноплі). Што праўда, не знайшлі, аднак мне давялося звольніцца па «асабістым жаданні».

Тады ж гурт сутыкнуўся з абвінавачваннем у фашызме — нехта пачуў у радку «свой путь по жизни я выбираю сам» «свой путь фашізма». Але на гэтым непрыемнасці не скончыліся.

Сёлета ў Рагачове мусіў адбыцца традыцыйны фэст Rockachev, які мусіў стаць адным з самых яскравых рок-канцэртаў Беларусі: да ўдзелу ў фэсце было запрошана каля 40 гуртоў, сярод якіх расійскія хэдлайнеры ўзроўню Stigmata і «Валентін Стрыкало».

«Тады фэст, які мы арганізоўвалі, у аддзеле культуры назвалі сатанізмам і д’ябальшчынай, — расказвае Валерый. — Да кожнага са сваіх канцэртаў мы рыхтуем відэа-запрашэнне, якое размяшчаем ў нашых суполках у сацыяльных сетках. І вось нейкі ананім разаслаў адзін з такіх ролікаў па розных інстанцыях, прывязаўшы яго да фэсту.

Нам інкрымінавалі парнаграфію — так, у запрашэнні можна ўбачыць аголены азадак, аднак мы ўсё ж панкі, па другое там відавочны сцёб».

Вакаліста і гітарыста гурту выклікалі ў міліцыю, аднак складу злачынства («вытворчасць парнаграфіі») ў выніку не знайшлі.

Цяпер жа, пасля паспяховага тура па Беларусі, музыкаў SEX выклікалі ў суд, распачаўшы супраць яго адміністратыўную справу. Слуханні маюць адбыцца заўтра — у той самы дзень, калі гурт мусіў выступаць у Маскве.

«Чарговае таямнічае супадзенне, не першае ва ўсёй гэтай гісторыі, — кажа Валерый. — Чамусьці ні ў адным горадзе Беларусі да нас няма ніякіх прэтэнзій, апроч як у родным Рагачове.

З чым гэта звязана? Магчыма, асабістая непрыязнасць нейкага невядомага нам чалавека. Ці мае да гэтага дачыненне наша назва? Мне падаецца, што не — у рэшце рэшт гэтае слова ёсць у любым беларускім пашпарце».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?