Па выніках дзевяці месяцаў рост заработнай платы ў Беларусі па-ранейшаму значна апярэджвае прадукцыйнасць працы, гаворыцца ў аглядзе, падрыхтаваным Міністэрствам эканомікі.

У рэальным выражэнні, канстатуюць спецыялісты Мінэканомікі, заработная плата вырасла на 18,7% (прагноз на 2013 год — на 7,1%). Пры гэтым у будаўніцтве рост рэальнай зарплаты склаў 33,9%, у сельскай гаспадарцы, паляванні і лясной гаспадарцы — 23,2%; у гандлі — 22,4%; на транспарце і ў сувязі — 21,5%; у прамысловасці — 17,4%.

«Па-ранейшаму захоўваецца значны разрыў у тэмпах росту прадукцыйнасці працы і рэальнай заработнай платы — 16,4 працэнтнага пункта ў студзені—верасні 2013 года», — адзначаецца ў аглядзе Мінэканомікі.

Прадстаўнікі Міністэрства эканомікі канстатуюць, што сярэдняя зарплата ў цэлым па краіне склала ў верасні 5 млн. 374,8 тыс. рублёў (што эквівалентна 593 доларам ЗША). У бюджэтным сектары сярэдняя зарплата ў верасні склала амаль 4 млн. рублёў.

Прадстаўнікі Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, адказваючы на пытанні, заявілі на гэтым тыдні, што апераджальны рост зарплат і крэдытная экспансія з'яўляюцца фактарам, які прыводзіць да пагаршэння плацежнага балансу Беларусі.

«Гэтыя два працэсы неабходна старанна аналізаваць. Цяпер яны выклікаюць трывогу ў спецыялістаў Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, паколькі названыя працэсы прыводзяць да скарачэння канкурэнтнай перавагі, якую беларуская прадукцыя мае на экспартных рынках», — заявіў на гэтым тыдні Сяргей Шаталаў — намеснік старшыні Еўразійскага банка развіцця (банк кіруе сродкамі АКФ ЕўрАзЭС).

Прадстаўнікі Міжнароднага валютнага фонду, які таксама з'яўляецца адным з асноўных крэдытораў Беларусі, рэкамендавалі ў кастрычніку знізіць тэмпы росту зарплат у краіне.

«Пагаршэнне плацежнага балансу выкліканае ў тым ліку больш хуткім ростам зарплат і павелічэннем мэтавага крэдытавання. Таму, каб вырашыць праблему, неабходна ўжываць комплексны падыход, які павінен накіроўвацца на жорсткае кіраванне ўнутраным попытам», — заявіў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Дэвід Хофман, адказваючы падчас прэс-канферэнцыі 28 кастрычніка.

Беларускія ўлады да гэтага часу не вызначыліся з палітыкай зарплат насельніцтва на 2014 год.

Прагнозныя дакументы, у якіх павінны быць вызначаныя параметры росту даходаў насельніцтва ў наступным годзе, дагэтуль не прынятыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?