Усяго за кіламетр ад Барысава размешчаная вёска Старабарысаў. Туды ідзе аўтобус №12. Даехаць ім можна і ад чыгуначнага, і ад аўтавакзала.

Калі ехаць машынай, то, выязджаючы з Барысава, можна дабрацца двума шляхамі: альбо кіруючыся ў бок вёскі Кішчына Слабада, дзе нарадзілася славутая аўтарка «Літоўскай гаспадыні» Ганна Цюндзявіцкая, альбо ў бок Зембіна — радзімы беларускага яўрэйскага паэта Ізі Харыка. У любым выпадку вы трапіце да сядзібы.

Машыну пакідаем далёка ад будынка. Паркуемся каля аднаго прыватнага падворка, у якім на сцяне ці то намаляваны, ці то павешаныя скуры дзіка і двух маленькіх парсючкоў.

Пакуль спрачаемся, на вуліцу выходзіць гаспадар. «Можна мы машыну тут пакінем?» — «Калі ласка». — «А што гэта за парсючкі?» — «Намаляваў тут адзін мясцовы біч. Малярэвіч прозвішча. Вучыўся ў партшколе. Потым быў другім сакратаром кампартыі Кыргызстанскай ССР, а цяпер вярнуўся ў Барысаў, малюе за гарэлку».

Падыходзім да сажалкі, якую выкапалі перад гарадзішчам. З усіх бакоў вадасховішча абселі рыбакі. «Клюе?» «Ай, карась троху бярэ, — махае адзін з рыбакоў. — А вы палац прыехалі здымаць? Напалеон тут спыняўся. Гітлер? Не, ніколі не чуў. Не можа быць таго, каб тут Гітлер быў. Хіба што ў Пячах ён мог бываць». Не сталі пераконваць у адваротным.

Гісторыя гэтых мясцінаў вельмі цікавая. Тут бывалі князі Радзівілы, прадстаўнікі дома Раманавых, Напалеон разам са сваёй арміяй, Адольф Гітлер праводзіў нараду ў 1941-м.

Ад усяго маёнтка застаўся толькі адзін гасцявы домік, пабудаваны дзесьці на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзя, стаіць ён маляўніча, на самым цэнтры гарадзішча.

Яго часта і называюць тым самым домам, дзе спыняліся Напалеон і Гітлер, аднак гэта зусім не так. Таго дома больш не засталося. Ёсць розныя меркаванні: адны кажуць, што ён быў знішчаны самімі немцамі пры адступленні. Іншая версія кажа, што знішчалі ўжо пасля вайны камуністы, каб сцерці памяць аб прысутнасці Гітлера.

Калі зазірнуць крышку ў гісторыю, то Радзівілы атрымалі старабарысаўскі маёнтак ва ўладанне пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай. Радзівілы ўзначальвалі Барысаўскае староства і займалі мясцовы замак (не існуе на сёння), аднак ад пачатку расійскага ўладарання іх папрасілі пераехаць, прапанаваўшы як альтэрнатыву якраз Старабарысаў.

Барысаўскі краязнаўца Міхась Мацельскі кажа, што ў 1830-­я існавала пастанова аб канфіскацыі маёнтка ў сувязі з падтрымкай Радзівіламі паўстання 1830­-1831 гадоў.

«Не ведаю дакладна якім чынам, аднак Радзівілы змаглі захаваць гэты маёнтак. Праўда, праз нейкі час прадалі яго імператарскаму дому Раманавых». Натуральна, ні Радзівілы, ні Раманавы стала ў гэтым дамку не жылі, аднак, вядома ж, з’яўляліся ў сваім уладаннях.

Ля сядзібы, што засталася яшчэ, стаяць тры дамкі. «Цікава, ці не страшна гаспадарам жыць каля такога закінутага дома? Мне было б вусцішна, як у фільмах жахаў», — кажа адзін з нашай кампаніі.

На дамку шыльда — «Ахоўваецца дзяржавай», знізу маркерам нехта прыпісаў «lol», «моцна рагачу», калі перакладаць з інтэрнэт­-мовы.

У савецкі час гэтая сядзіба выкарыстоўвалася як саўгасная кантора. На адных дзвярах нават засталася шыльда на дзівоснай трасянцы «Заўхоз».

«Артэфактаў усё меней і меней, — кажа кіраўнік барысаўскай філіі БНФ Сяргей Салаш. — Яшчэ некалькі гадоў таму з жонкай знаходзілі тут розныя саўгасныя дакументы, тлумачальныя запіскі калгаснікаў. Цяпер гэтага ўжо не знойдзеш».

«Адзін мецэнат, не магу называць яго імя, быў гатовы ўзяцца за аднаўленне будынка, аднак праз бюракратычныя перашкоды адмовіўся ад сваёй думкі», — кажа Міхась Мацельскі.

Шкла нідзе няма, падлогі фактычна таксама. Усё, што было магчыма, разабралі мясцовыя. На адной са сцен надпіс: «Басота­2013». Аднак людзі сюды едуць, нават нягледзячы на несуцяшальны стан будынка.

«Раней ці пазней будзе адноўлена, — працягвае Міхась Мацельскі. — Я ў гэтым не сумняюся. Будзе добрым турыстычным цэнтрам краіны».

***

Замест анекдота

Калі выязджалі са Старабарысава, то нашу ўвагу прыцягнулі вузенькія дамкі, размешчаныя на адлегласці метраў 20 адзін ад аднаго. Адрас: вуліца Працоўная, 3. «А спяць людзі тут стоячы?» — жартавалі мы.

Грукалі ў дзверы, каб даведацца гісторыю гэтых дамкоў, аднак ніхто так і не адчыніў, хоць тэлевізары ў кватэрах працавалі.

Сітуацыю праясніў краязнаўца Міхась Мацельскі: «Да вайны тут быў санаторый ЦК КПБ, закрытая зона.

Быў вялікі прыгожы фантан. Большасць пабудоваў былі драўлянымі. З цэглы былі зробленыя толькі два двухпавярховыя туалеты. У вайну ўсё згарэла, засталіся гэтыя прыбіральні, якія і перарабілі пад жытло. Людзі і па сёння там жывуць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?