15 лістапада ў Чырвоным касцёле ў Мінску адкрылася ІІ агульнабеларуская сустрэча каталіцкіх святароў. Сустрэча праводзіцца на заканчэнне Года веры, абвешчанага ў Каталіцкім Касцёле яшчэ папярэднім Папам Бенедыктам XVI, і мае назву «Lumen fidei – fidelitas sacerdotalis» («Святло веры — святарская вернасць»).

Да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці. Арцыбіскуп прызнаўся, што для яго вялікі гонар быць у гэты дзень разам з беларускім святарствам. Прадстаўнік Папы выказаў надзею, што сустрэча, асабліва праца ў групах, «дапаможа выявіць, у чым нашы праблемы і дзе наша надзея».

santabanta.org

santabanta.org

Апостальскі Нунцый распавёў прысутным аб сваёй сустрэчы ў Рыме з Папам Францішкам, аб тым, што запытаўся ў яго Пантыфік і што прасіў перадаць духавенству ў Беларусі.

Першым пытаннем, якое паставіў Папа, было: «Якія святары ў Беларусі?» Святы Айцец пытаўся таксама: «Ці багатыя яны?», а пасля дадаў. што «ў духавенстве не павінна быць больш багатых і бедных». Па словах арцыбіскупа, Святы Айцец пытаўся, «ці з'яўляюцца гэтыя святары прапаведнікамі Божай міласэрнасці, або яны суровыя да людзей і імкнуцца паказаць, наколькі людзі грэшныя?». Словамі Пантыфіка было: «Ці не былі беларусы ў сваёй гісторыі занадта жорстка трактаваныя, каб яшчэ і святары былі да людзей жорсткімі падчас споведзі?» 

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці перадаў прысутным таксама наступныя словы Папы:

«Я не баюся за святароў, якія робяць памылкі, якія слабыя, часамі падаюць, — я баюся святароў карумпаваных, якія звонку здаюцца прыгожымі, але ўнутры поўныя бруду.

Гэтыя святары ператварыліся ў функцыянераў, і, магчыма, яны ўжо ні ў што не вераць». Пачынаецца з таго, што «яны больш не моляцца, а затым губляюць адрозненне дабра ад зла ў сваім сумленні».

«Папа Францішак гаворыць вельмі проста. але вельмі ясна і адназначна», — адзначыў Апостальскі Нунцый.

Па словах іерарха, Пантыфік падкрэсліў: «Нам патрэбныя святары, годныя народа, які пакутаваў».

Святы Айцец, як сказаў арцыбіскуп, папрасіў перадаць святарам і біскупам Беларусі, «каб яны ішлі разам», «гаварылі паміж сабой, адкрылі сэрцы адзін аднаму, бо ў Касцёле няма генерала і радавога - ёсць толькі браты».

Прадстаўнік Папы дадаў, што кожнаму з беларускіх святароў Пантыфік прасіў перадаць сваё бласлаўленне і абняць кожнага з іх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?