Васіль Быкаў |
«Пакуль гэтая падтрымка толькі на словах. Але мы ўдзячны і за тое, што нас пачулі,‑ кажа заснавальнік музея, старшыня ГА «Ветэранаў вайны, працы і ўзброенных сіл» Мікалай Мельнікаў, — Хацелася б, канешне, каб працэс перамоваў ішоў хутчэй, каб ад жадання дапамагчы справа перайшла да канкрэтнай дапамогі».
Ветэраны адкрылі музей у сваім офісе яшчэ ў 2003 годзе, адразу ж пасля смерці пісьменніка. Пры ім дзейнічае і бібліятэка. Месца катастрафічна не хапае.
Зараз у музеі змяшчаюцца толькі дакументы, фота, лісты, некалькі рэчаў Васіля Быкава, успаміны яго сяброў. Жонка пісьменніка, Ірына Міхайлаўна, згодна аддаць яго асабістыя рэчы і нават мэблю — было б куды паставіць.
«Мы стварылі гэты музей для таго, каб людзі, прыйшоўшы сюды, знайшлі, вывучылі і зразумелі для сябе Быкава,»‑ кажа Мікалай Мельнікаў.
Праблема памяшкання не адзіная для музея. Тут няма нават належных стэндаў, кампутара, сістэмы аховы, абсталявання, каб паслухаць запісы з голасам самога Быкава. Бюст беларускага класіка стаіць на спісанай драўлянай кафедры, партрэт пісьменніка чакае рамкі. Заснавальнікі музея шукаюць дапамогі і спадзяюцца, што пасля пераезду памяшканне прыме належны стан.
Гарадзенскі музей Васіля Быкава другі ў Беларусі. Першы знаходзіцца на радзіме пісьменніка ва Ушачскім раёне і прысвечаны яго юнацтву. У Гародні ж Быкаў правёў большую частку свайго жыцця, тут напісаў свае лепшыя творы. Музей збірае ўсе магчымыя звесткі пра жыцце і творчасць пісьменніка.
«Каб можна было, мы б тут палац Быкава адкрылі б і вуліцу яго імем назвалі. На Украіне, дзе Быкаў колькі часу жыў, такая ёсць, а ў нас няма!» — кажа хавальнік музея Аляксей Дземідовіч.