Урад разлічваў, што ВУП краіны вырасце на 8,5%. Аднак па выніках трох кварталаў лічба склала ўсяго 1,1%, і тое часткова за кошт змены метадалогіі падліку.

Чаму эканоміка Беларусі больш не расце? Адказ на гэтае пытанне імкнуліся даць эканамісты Зміцер Крук і Кацярына Барнукова падчас прэзентацыі на Кастрычніцкім эканамічным форуме, арганізаваным Даследчым цэнтрам ІПМ.

Зміцер Крук звяртае ўвагу, што пачынаючы з 2008-га галоўным фактарам росту беларускай эканомікі з’яўляецца нарошчаванне прамысловых магутнасцяў. А вось прадукцыйнасць расла значна меншымі тэмпамі, фактычна не змяніўшыся. Вычарпаўшы свой патэнцыял, яна стала асноўнай перашкодай для росту эканомікі.

Адну з асноўных прычын такой сітуацыі эксперты бачаць у неэфектыўным дырэктыўным крэдытаванні.

Зміцер Крук прааналізаваў рост прадукцыйнасці па галінах беларускай эканомікі. Ён быў дасягнуты толькі ў трох сектарах: паліўным (у тым ліку дзякуючы льготнай расійскай нафце), хімічным (экспарт растваральнікаў) і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Яе росквіт эксперт тлумачыць штучным стымуляваннем попыту ўнутры краіны.

Прадукцыйнасць эканомікі значна адстае ад паказчыкаў у еўрапейскіх краінах, і адставанне скарачаецца надзвычай марудна. Напрыклад, у 2000-м беларуская прадукцыйнасць складала 25% у параўнанні са шведскай, а ў 2010-м — 30%. Прычым прадукцыйнасць прамысловасці адстае ў найбольшай ступені.

«Зніжэнне росту эканомікі — гэта не наступства сусветнага крызісу, а сістэмная праблема, звязаная з нізкай прадукцыйнасцю. А гэта страта канкурэнтаздольнасці», — падсумоўвае Кацярына Барнукова.

Што трэба рабіць у атрыманай сітуацыі? Эксперты раяць чыноўнікам забяспечыць свабоднае пераразмеркаванне рэсурсаў, што павялічыць прадукцыйнасць. Аднак неспалучальнасць існуючай сацыяльна-эканамічнай праграмы развіцця Беларусі з гэтай прапановай бачная нават не эканамістам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?