У турыстычных даведніках Кішынёў называюць самай непрыгожай сталіцай Еўропы. Фота Фёдара Савінцава, ІТАР-ТАСС
Калекцыя вінаў CRICOVA пад Кішынёвам налічвае больш за мільён бутэлек. Фота Дзяніса Сінякова, Reuters
Імправізаваныя рэчавыя рынкі - не рэдкасць для кішынёўскіх плошчаў.
«Вы ж, калі будзеце вяртацца ў Малдову, ні ў якім разе не купляйце білет!» — бяжыць следам за мной правадніца цягніка Кішынёў—Бухарэст. «У сэнсе?» — не разумею я. «Ідзіце адразу да мяне, я вас за паўцаны правязу. І чэк любы выдам!» — тлумачыць яна. Навар правадніцы з кожнага «левага» білета складае $20. Некалькі дадатковых пасажыраў — і добрая прыбаўка да зарплаты гарантаваная.
Сярэдні заробак у Малдове складае $260 на рукі. Гэта найменшая лічба ў Еўропе. Людзі выжываюць як могуць і не заўсёды звяртаюць увагу, ці законнымі сродкамі карыстаюцца для гэтага.
Расійская культурная прастора
У Беларусі і Малдовы шмат супольнага. Гэтае падабенства пачынаецца з белкамунмашаўскіх тралейбусаў у цэнтры Кішынёва, якія ходзяць на самых прэстыжных маршрутах. Дарэчы, мясцовае прадпрыемства па зборцы адкрывалася з дапамогай Еўрасаюза. Гэта адзін з нямногіх новых заводаў, пабудаваных за часы незалежнасці.
Дармовы праезд (каля 1500 беларускіх рублёў) і стомленая кандуктарка з адрыўнымі талончыкамі ледзь не ў кожным салоне — такое ўражанне, што з Мінска і не выязджаў.
У вачах еўрапейцаў абедзве краіны асацыіруюцца з глыбокім «саўком», да якога ў пошуках экзотыкі дабіраюцца самыя стойкія турысты. Сёлета за першае паўгоддзе Малдову наведалі ўсяго 5 тысяч афіцыйна зарэгістраваных падарожнікаў…
Малдаване адстаялі адзіную дзяржаўную мову, але савецкае мінулае і сувязі з Расіяй даюць пра сябе ведаць: на рынку грымяць Стас Міхайлаў і Грыгорый Лепс, глянцавыя часопісы ў шапіках завезеныя з Масквы, ды і вулічныя зазывалы спрэс рускамоўныя.
У сферы абслугоўвання ўсе ведаюць рускую мову. Хоць у школах яе і не вывучаюць.
«А чаму ў вас некаторыя цэннікі па-руску, а некаторыя — па-румынску?» — пытаюся ў прадавачкі выпечкі. «А табе якая справа? — з недаверам перапытвае тая і шчыра прызнаецца. — Проста я румынскай не ведаю».
Бюджэт трымаюць гастарбайтары
Эканомікі нашых краін шчыльна прывязаныя да Расіі. Аднак Малдова пачала саскокваць з нафтагазавай іглы значна раней. Вось ужо трэці год краіна атрымлівае расійскі газ па рынкавых цэнах. $370 за кубаметр — цана, якую даводзіцца плаціць за незалежнасць. Для параўнання, Беларусь сёлета купляе газ па $160.
Пры такіх цэнах жыць па сродках становіцца ўсё складаней. Штогод Малдова імпартуе замежных тавараў на $5 мільярдаў, а прадае свайго — на $2 мільярды. Чым кампенсуецца розніца?
Перадусім за кошт паступленняў ад гастарбайтараў. Малдаване, якія працуюць за мяжой, дасылаюць на радзіму па $1,5 мільярда штогод. І гэта толькі афіцыйныя падлікі. Даходы бюджэту тым часам складаюць усяго $2,5 мільярда.
«Мае бацькі з'ехалі ў Іспанію, здымаюць там дом. Тата стаў садоўнікам, мама прыбіральшчыцай. Пры гэтым высылаюць мне па 100—200 еўра штомесяц, адзенне, часам перадаюць нейкую тэхніку… Такую дапамогу ад сваякоў атрымлівае паўкраіны, — расказвае 25-гадовая Мар'яна, прадавачка ў найбуйнейшым гандлёвым цэнтры краіны «МОЛдова». — Чаму не паехала я? Спадзяюся, для Малдовы яшчэ не ўсё страчана. З'ехаць заўсёды паспею».
Такія розныя прыватызацыі
30-гадовы Іон Рудэй з'язджаць з Малдовы таксама не збіраецца. Ён працуе кіраўніком службы кантролю якасці ў кампаніі «ГазНатуралФеноса» — найбуйнейшым прыватным пастаўшчыку электраэнергіі ў Малдове. У пачатку стагоддзя іспанскі холдынг прыватызаваў тры дзяржаўныя прадпрыемствы. Цяпер гэта адна з самых паспяховых кампаній краіны.
Заробак Іона больш чым удвая перавышае сярэдні ў краіне. Ён спадзяецца, што інтэграцыя з Еўрасаюзам прывядзе ў Малдову заходнія інвестыцыі.
«Галоўнае адрозненне ў тым, што еўрапейцы варушацца, не стаяць на месцы. Пакуль я працую, у кампаніі прайшло тры аптымізацыі. Нейкая схема не працуе — яе адразу ж змяняюць на іншую. А на дзяржаўным прадпрыемстве, нашым канкурэнце, усё стаіць нязменна з часоў развалу СССР…». Пры гэтым тарыфы ў прыватніка ніжэйшыя, чым у дзяржавы, адзначае ён.
Зрэшты, бываюць прыклады і менш паспяховай прыватызацыі. Скандал апошніх месяцаў — сітуацыя з Кішынёўскім міжнародным аэрапортам. Урад Малдовы правёў закрыты конкурс і перадаў яго ў кіраванне расійскай кампаніі «Авія-Інвест» на 49 гадоў. Дзяржава ж будзе ўсяго атрымліваць 1% даходаў аэрапорта. Раней аэрапорт зарабляў на падтрыманне інфраструктуры па 5 мільёнаў еўра штогод. Навошта было за закрытымі дзвярыма перадаваць яго малавядомай расійскай кампаніі? Мясцовыя палітычныя сілы абвіначвалі ў карупцыйнай змове адна адну, аднак адказу на пытанне так і не знайшлі.
Апошні крок да Еўропы
У канцы лістапада Малдова зацвердзіла Пагадненне аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. Запланаванае і пагадненне аб свабодным гандлі. «Яны ўступяць у сілу не адразу, найхутчэй налета, аднак у Малдове яго ўспрымаюць як кропку незвароту ў выбары паміж расійскім і еўрапейскім вектарамі развіцця, — расказвае палітолаг Аляксандр Мэлуш. — Камуністы выступаюць катэгарычна супраць падпісання дакументаў, хоць раней таксама прапагандавалі збліжэнне з Еўропай. У краіне вялікая незадаволенасць урадам, аднак веры камуністам таксама няма».
Расія спрабуе ўтрымаць Малдову побач з сабой і не пусціць яе да Еўрасаюза. Спачатку ў ход пайшло эмбарга на малдаўскае віно, уведзенае рукамі змагара за чысціню імпартаванай прадукцыі Генадзя Анішчанкі. У краіны Мытнага саюза Малдова прадае каля 60% вырабленага віна. Аднак Беларусь і Казахстан не забаранялі пастаўкі, таму ўдар па галіне эканомікі аказаўся не такім моцным.
У дадатак Еўрасаюз адрэагаваў прыгожым жэстам, адмяніўшы квоты на пастаўкі малдаўскага віна. Маўляў, вязіце на продаж колькі хочаце, абы адпавядала еўрапейскім стандартам якасці.
Наступным прымусам да сяброўства з Расіяй аказалася пагроза дэпартацыі малдаўскіх гастарбайтараў. Мікрааўтобусы з імі паказальна разварочвалі на мяжы. Забарона на ўезд у Расію пагражае 200 тысячам малдаван — у такую лічбу ацэньваецца рынак нелегальных работнікаў.
У сітуацыі, падобнай да малдаўскай, аказалася і Арменія. Праз аддаленасць ад Еўрасаюза армянам давялося пагадзіцца з настойлівымі расійскімі «прапановамі» аб сяброўстве. Ці ўдасца пратрымацца Малдове?
Малдаўская эканоміка за 2012
Імпарт — $5,2 мільярда
Расія — $815 мільёнаў
Румынія — $620 мільёнаў
Украіна — $595 мільёнаў
Экспарт — $2,2 мільярда
Расія — $655 мільёнаў
Румынія — $355 мільёнаў
Італія — $200 мільёнаў