Дырэктар інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа ўзяў удзел у арганізаваным Таварыствам беларускай мовы круглым стале, прысьвечаным абмеркаваньню Праекту Закону «Аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі»


А.Лукашанец

«На пачатку 90‑х мы вызвалілі джына з пляшкі, якога не загналі назад дагэтуль. У справе ўнармаваньня правапісу раз і назаўсёды трэба паставіць кропку» — так патлумачыў дырэктар інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Аляксандар Лукашанец патрэбу ў новай рэдакцыі правапісу ў часе круглага стала, арганізаванага Таварыствам беларускай мовы.

Пры гэтым ён зазначыў, што на сустрэчу прыйшлі людзі, якіх яднае адна мэта, але якія маюць розныя падыходы да яе ўвасабленьня. На думку сп. Лукашанца, новая рэдакцыя правапісу не нясе шкоды беларускай пісьмовай традыцыі, будуць зробленыя праўкі, запатрабаваныя зьменамі часу.

«Трэба канчаткова спыніць артаграфічны разнабой у літаратурнай мове, асабліва гэта датычыць навучальнага працэсу» — падкрэсьліў А. Лукашанец.

«Нас яднае значна больш, чым разьядноўвае», — пачаў свой выступ адзін з аўтараў «Беларускага клясычнага правапісу» Вінцук Вячорка.

Ён падкрэсьліў:


Выступае В.Вячорка

«Замацоўваючы новую рэдакцыю правапісу заканадаўча, мы моцна рызыкуем, бо на сёньня ён недапрацаваны і нясвоечасовы».

Па словах В. Вячоркі, зусім не адраджэньне «тарашкевіцы» стала тым «джынам», што перашкаджае далейшаму разьвіцьцю мовы.

«Праблема ў недасканаласьці акурат унармаванага ў 30‑я гады правапісу, а да ўсяго гэтыя недасканаласьці скрозь прасочваюцца ў новым правапісе, які хочуць замацаваць законам».

Удзельнікі круглага стала, сярод якіх былі Зьміцер Саўка, Вераніка Курцова, Сяргей Запрудзкі, Станіслаў Суднік, Людміла Дзіцэвіч, Ігар Клімаў ды інш., адзначалі як пазытыўныя, так і адмоўныя моманты ў новым правапісе, аднак агульнай думкай стала тое, што прыняцьце яго пакуль не насьпела, а зацьвярджэньне яго ў парлямэнце супярэчыць сусьветным нормам. Прагучалі таксама засьцярогі, што гэтае новаўвядзеньне нясе пагрозу незалежным СМІ, што паслугоўваюцца неафіцыйным правапісам. Праўнік Юры Чавусаў акцэнтаваў увагу менавіта на абавязковасьці выкананьня кадыфікаванага правапісу і адказнасьці за яго парушэньне:

«Узьнікае шмат пытаньняў пачынаючы з унясеньня зьменаў у Адміністрацыйны кодэкс».

Сп. Чавусаў прапанаваў ініцыяваць парлямэнцкія слуханьні па праблеме правапісу з удзелам адмыслоўцаў, зазначыўшы, што нашы дэпутаты папросту некампэтэнтныя ў гэтай справе.

Па выніках круглага была агучаная прапанова В. Вячоркі патрабаваць адкласьці зацьвярджэньне новага правапісу ў форме закону да аднаўленьня рэальнага функцыянаваньня беларускай мовы ў дзяржаўнай сфэры. Таксама прапануецца апублікаваць Праект Закону ў друкаваных дзяржаўных СМІ. Канчатковы варыянт рэзалюцыі круглага стала будзе падрыхтаваны да аўторка 3 кастрычніка. Зьміцер Саўка на разьвітаньне адзначыў:

«Сёньняшняя сустрэча — толькі пачатак нашай супольнай працы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?