на фота: Аляксандр Квасьнеўскі і Пэт Кокс, фота EPA

на фота: Аляксандр Квасьнеўскі і Пэт Кокс, фота EPA

Еўрапейскі камісар па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі суседства Штэфан Фюле адмяніў запланаваны на 22 лістапада візіт на Украіну, паведамляе gazeta.ru.

Паведамляецца, што гэта звязана з тым, што ўрад Украіны прыпыніў падрыхтоўку да падпісання пагаднення аб асацыяцыі з ЕС.

У той жа час Фюле паабяцаў, што будзе працягваць кантакты з прадстаўнікамі ўкраінскай апазіцыі.

Акрамя таго, спыняе сваю працу і місія Кокса — Квасьнеўскага.

«Пры канцы 27-га візіту нашай місіі ва Украіне мы выказваем наша глыбокае расчараванне аднабаковым рашэннем украінскага ўрада адкласці падпісанне Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам», — гаворыцца ў дакуменце.

«Мы прымаем да ведама заўвагі прэм'ер-міністра аб напружаным стане эканомікі і ціск з боку Расіі, які рэзка павялічыўся ў апошнія тыдні», — гаворыцца ў заяве місіі Квасьнеўскага — Кокса.

«Мы вітаем прыняцце сёння ў Вярхоўнай Радзе паправак да закона аб парламенцкіх выбарах, — заявілі Кокс і Квасьнеўскі. — Улічваючы запэўніванні прэзідэнта Януковіча, зробленыя сёння ў другой палове дня, аб працягванні руху па шляху еўрапейскай інтэграцыі, мы заклікаем прэзідэнта падкрэсліць гэтыя абавязацельствы, выканаўшы свае абяцанні па рэфармаванні пракуратуры і адносна прыняцця закона аб лячэнні асуджаных за мяжой», — дадалі яны.

«Мы лічым, што еўраінтэграцыйныя рэформы на сённяшні дзень могуць найлепшым чынам спрыяць мадэрнізацыі Украіны пры ўмове іх поўнай рэалізацыі», — сказана ў заяве.

«У гэтай складанай сітуацыі мы лічым, што народ Украіны павінен атрымаць запэўненні ад кіраўнікоў ЕС, дзверы еўрапейскіх надзей і памкненняў Украіны не будуць зачыненыя», — гаворыцца ў дакуменце.

«Мы рэкамендуем Еўрасаюзу і ў прыватнасці прэзідэнту Шульцу і Еўрапейскаму парламенту як ініцыятарам гэтай місіі, зыходзячы з абавязкаў трымацца асцярожнасці, актыўна сачыць за ўмовамі ўтрымання і абыходжаннем з Цімашэнкай. Канкрэтныя меры павінны быць прынятыя для гарантавання гэтага», - сказана ў заяве.

«Еўрасаюз прыклаў велізарныя намаганні для супрацоўніцтва з Украінай на працягу апошніх 18 месяцаў, не ў апошнюю чаргу з дапамогай гэтай місіі», — заявілі Кокс і Квасьнеўскі.

«Тайм-аўт, у выніку якога прынята рашэнне ўкраінскай улады, не пазбаўлены відавочных сур'ёзных рызык і хутчэй за ўсё будзе доўжыцца дастаткова доўга, а працэс, як калі і адновіцца, будзе ўскладнены з-за рашэння прынятага сёння», — дадалі яны.

«Місія мае намер заўтра раніцай вярнуцца ў Вярхоўную Раду, а затым адправіцца ў Харкаў, каб сустрэцца з Цімашэнкай», — сказана ў заяве.

Разам з тым візіт прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча на саміт Усходняга партнёрства ў Вільню застаецца ў планах кіраўніка дзяржавы, паведаміў яго дарадца Андрэй Ганчарук.

Ён адзначыў, што нягледзячы на прыпыненне падрыхтоўкі да падпісання Пагаднення аб асацыяцыі Украіны з ЕС, візіт Януковіча ў Вільню не губляе сэнс.

«Візіт застаецца ў планах … Па-першае, там будуць падпісвацца і іншыя пагадненні, але не на ўзроўні прэзідэнтаў, а па-другое, шэраг краін наогул нічога не падпісвае», — сказаў ён журналістам у Вене.

Раней лідар фракцыі «Бацькаўшчына» Арсеній Яцэнюк заявіў, што Януковіч у Вільню не паедзе, туды адправяцца лідары апазіцыйных парламенцкіх фракцый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?