Няма сумневу, што новы артаграфічны закон патрэбен мове як зайцу стоп-сыгнал. Але ёсьць і другі бок мэдаля.

Уявім сабе, што здарыўся цуд: наверсе пачулі тыя засьцярогі, што гучалі ўчора на круглым стале ў ТБМ, узялі дый адсунулі той праект убок.

Ці можна было б лічыць гэта трыюмфам прыхільнікаў тарашкевіцы?

Цягам гарачае дыскусіі на тэму "Тарашкевіца ці наркамаўка?" на сайце "НН" у мяне раз-пораз мільгала ў галаве непаліткарэктнае пытаньне: а ў якой ступені асобныя адэпты прымаюць удзел у практычным вырашэньні дэмаграфічнага пытаньня? :)

Тлумачу. Калі адносна нядаўна прыйшла пара навучаць чытаньню сваё чацьвертае дзіця, малога Цімоха, аўтар гэтых радкоў пайшоў у кнігарню і прыдбаў буквар Анатоля Клышкі. Па ранейшых ягоных выданьнях вучыліся трое старэйшых.

Так, Клышкаў буквар заснаваны на той самай мільён разоў збэшчанай наркамаўцы (хаця, між іншым, і грунтоўна перапрацаваны ў параўнаньні з савецкім варыянтам менавіта на карысьць нацыянальнага складніку). А які, скажэце, выбар? Яго не было за савецкім часам, калі вучыў чытаць самых старэйшых, няма і зараз, на 16-м годзе беларускай незалежнасьці. Ні буквара, ні падручнікаў, ні нармалёвай даведачнай літаратуры для тых, хто хацеў бы авалодаць тарашкевіцай. Я і сам мусіў спасьцігаць нэаклясыку эмпірычна. Усё, што маю пад рукою з даведнікаў, — кніжачка "Беларускі клясычны правапіс" сп.сп. Бушлякова, Вячоркі, Санька і Саўкі. Плюс віртуальны slounik.org. Нягуста!

І калі для мяне стымул палягае ў тым, што мова ёсьць прафэсыйным інструмэнтам, то ў мноства суайчыньнікаў такой пільнай патрэбы вышукваць нэаклясычныя нарматывы няма. Пару дзён таму адна калега — пры тым што мае дыплём ВНУ і добра валодае афіцыйным варыянтам мовы — спыталася ў мяне: "Вугоршчына — гэта, мусіць, Чарнагорыя?".

Дык што: кпіць з падобнага "невуцтва", седзячы ў вежы са слановай косткі — ці задумвацца над аргумэнтацыяй тых удзельнікаў дыскусіі, якія зьвяртаюць увагу на праблемы камунікацыі элітарнага кола нэаклясыкаў з шырокім грамадзтвам?

З аднаго боку, прамоўтарам тарашкевіцы варта ня проста даводзіць прыгожыя прынцыпы, але і актыўна ствараць масіў навучальнай, даведачнай літаратуры. Зь іншага боку, калі стаіць пытаньне пра максымальны ахоп аўдыторыі дзеля пашырэньня беларушчыны, камэнтаваньня падзей з гледзішча нацыянальных інтарэсаў, то наўрад ці разумна грэбліва адкідваць наркамаўку.

За апошнія гады я, напрыклад, напісаў ёю дзясяткі артыкулаў для "Народнай волі". Бо ў чужы манастыр са сваім статутам ня ходзяць. І асабіста для мяне на першым пляне — магчымасьць апэратыўна, тут і цяпер, выказацца ў актуальным пытаньні перад як мага шырэйшай аўдыторыяй, чым трымаць свае геніяльныя думкі пры сабе да сьветлай нэаклясычнай будучыні:)

Я ганаруся, што ў той пэрыяд, калі рэдагаваў "Беларускія навіны", сталым аўтарам інтэрнэт-газэты быў Генадзь Бураўкін. Мяне ніколькі не бянтэжыла, што ён піша наркамаўкай, ды я і не задумваўся пра гэта. Калі артыкулы бліскучыя, то адсотак мяккіх знакаў ня мае прынцыповага значэньня.

…А што да асыміляцыйнай мяккасьці, дык мой Цімох без усялякай падказкі належным чынам чытае ўслых "снег" як "сьнех", а "збярэшся" як "зьбярэсься". Бо штодня чуе адпаведнае гучаньне. Так што варта вызначаць прыярытэты. Пры ўсёй павазе да нэаклясыкі для мяне бясспрэчна: важнейшым ад змаганьня за мяккія знакі ёсьць змаганьне за абсяг жывой мовы. Калі яна паўнакроўна жыве хаця б у межах сям'і, то праблема асыміляцыйнае мяккасьці вырашаецца на аўтамаце:)

ЗЫ. А тарашкевіца так ці іначай бярэ сваё. Цімох з задавальненьнем дэклямуе дзьвюхрадкоўе з "НН", апэратыўна вывучанае на памяць перад Новым годам у чаканьні Дзеда Мароза: "Прасьпяваем мы калядкі — атрымаем шакалядкі".

ЗЫЫ. Гэты постынг ня мае на мэце перакрэсьліць аргумэнтацыю прыхільнікаў тарашкевіцы. Гаворка — выключна пра гіерархію прыярытэтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?