tsn.ua

tsn.ua

Віктар Фёдаравіч!

Сёння я ўжо магу адносна спакойна напісаць вам ліст.

Шчыра кажучы, учора, пасля рашэння ўрада аб адмове падпісваць Пагадненне з ЕС, мне хацелася вас проста забіць.

Думаю, тое ж адчулі і працэнтаў 70 даручанага вам народа. Прабачце нас усе гэтыя спантанныя эмоцыі, таму што ўсе мы людзі і часам бывае цяжка трымаць сябе ў руках. Але зараз трэба не ўпадаць у агрэсію, а ўсімі сродкамі ратаваць сітуацыю. Вы адзіны, хто можа гэта зрабіць, і таму я да вас звяртаюся з гэтым лістом.

Віктар Фёдаравіч, я раю вам і прашу вас як мага хутчэй сабраць Савет нацыянальнай бяспекі і абароны, выслухаць з бацькоўскай увагай усе сумненні вашага ўрада па ўскладненні адносінаў з Расіяй, прызнаць, што вы разумееце іх шчырае хваляванне, і неадкладна, на пазачарговым пасяджэнні СНБА прыняць рашэнне аб падпiсання Пагаднення.

Гэта адзіны ваш шанец выжыць як палітыку, таму што цяпер, забіваючы Пагадненне, вы робіце галоўную памылку ўсяго вашага жыцця.

Я добра ведаю ўсе вашы сапраўдныя, унутраныя матывацыі, і таму не буду вас перагружаць маральнымі або цывілізацыйнымі сентэнцыямі. Я хачу даць вам усяго тры парады, якія вы сапраўды зразумееце і, магчыма, уратуеце Пагадненне.

Парада № 1.

Вы выбіраеце зараз вектар міжнароднай стратэгіі Украіны ў залежнасці ад таго, як гэта паўплывае на вашы шанцы пераабрацца паўторна на прэзідэнцкі пост. Вы вырашылі, што для рэалізацыі гэтай мэты найлепшае рашэнне — гэта захаваць нейтралітэт паміж Еўрапейскім Саюзам і Расіяй, і таму забіваеце Пагадненне аб асацыяцыі з ЕС.

Вы думаеце, што і далей зможаце блефаваць, шантажаваць і гуляць паміж двума цывілізацыйнымі цэнтрамі і атрымліваць ад іх жаданыя падарункі для захавання сваёй улады.

Ад адных — танны газ, электарат і грошы, ад другога — міжнародную легалізацыю вашага аўтарытарнага кіравання і карупцыі. Вы памыляецеся.

Я думаю, што пасля зрыву падпісання Пагаднення заходні дэмакратычны свет пакіне вас у спакоі і адзіноце да 2015 года, таму што яны не служба па перавыхаванні прымітыўных палітыкаў. З моманту канчатковага зрыву Пагаднення ў вас знікне адзін з магутных цэнтраў уплыву, які вы хочаце і ў далейшым эксплуатаваць, а менавіта — дэмакратычны заходні сьвет.

Вы застанецеся сам-насам з Расіяй, і вам давядзецца жыць па яе дарожнай карце.

На гэтым этапе зрыў падпісання Дамовы з ЕС будзе добра успрыняты Расіяй, і вы хутчэй за ўсё нават атрымаеце за гэты «мужны» крок пэўнае ўзнагароджанне. Я не ведаю, што гэта будзе — адносна танны газ, умераныя крэдыты або проста зняцце гандлёвых праблем. Гэта не мае значэння. Але майце на ўвазе, што гэта будуць не проста падарункі, а падарункі — гаплікі, на якія вас шчыльна пасадзяць. І гэта не ўсё.

Калі вам у эканамічным і сацыяльным правале стане зусім цяжка і ў вас не будзе побач ні МВФ, ні Еўрасаюзу, то адзіны ваш «сябар» Расійская Федэрацыя вам несумненна дапаможа. Але за кошт здачы нацыянальных інтарэсаў Украіны, які нават вы не гатовыя будзеце заплаціць.

Расія паставіць вас перад выбарам: альбо яна будзе вас ратаваць ад сацыяльна -эканамічнага калапсу, які ўжо наступіў, цаной страты дзяржаўнай незалежнасці, ці ўвогуле не будзе ратаваць. Абодва варыянты для вас і для Украіны палітычна смяротныя, а іншых у той час у вас проста не застанецца.

Такім чынам, мая першая парада: ні пры якіх абставінах не заставацца сам-насам з Расіяй, таму што ў гэтым фармаце вы страціце ўсё. Абараніць вас можа толькі пагадненне аб асацыяцыі з ЕС.

Парада № 2.

Не выбівайце так груба і гістэрычна грошы з заходняга свету ў абмен на Пагадненне. Гэта выглядае як прымітыўны, пячорны моветон. Падпішыце Дамову — і вам заходні свет усё аддасць сам. Яны вас выратуюць ад усіх фінансавых і сацыяльна-эканамічных правалаў, якія вы арганізавалі.

Зразумейце, што калі вы падпішаце пагадненне, то для ўсяго дэмакратычнага свету ўжо будзе справай гонару не расчараваць ўкраінскае грамадства ў еўрапейскім вектары развіцця.

Будзе зроблена ўсё, каб 46 мільёнаў чалавек адчулі рэальны і істотны пазітыў ад падпісання пагаднення з ЕС. Сусветныя лідэры, у адрозненне ад вас, адказна ставяцца да веры людзей у еўрапейскія каштоўнасці і стандарты і дапамогуць вам не прайграць як палітыку і не страціць краіну. Нават калі вы будзеце моцна супраціўляцца, вас дзеля еўрапейскіх надзей ўкраінскага грамадства зробяць паспяховым прэзідэнтам.

 

Такім чынам, другая мая парада: калі хочаце фінансавай, інтэлектуальнай і палітычнай падтрымкі ўсяго свету — падпісвайце Пагадненне без зневажальных і бяздарных таргоў. Вам усё дадуць і так без сумненняў і ваганняў. Пры ўсёй маштабнасці расійскіх рэсурсаў іх нельга параўноўваць з магчымасцямі дэмакратычнага свету.

Парада № 3.

Не камплексуйце так відавочна з нагоды майго пытання. Ваш страх настолькі прыкметны, што вам не ўдаецца яго хаваць. Падпісанне Пагаднення ў той час, калі вы будзеце ўтрымліваць палітычнага закладніка ў сваіх засценках, значна знізіць кошт вашага еўрапейскага гераізму. Але гэта ўжо вашыя рызыкі і вашы страты. Рабіце тое, што лічыце патрэбным.

Я даю вам слова, што калі вы прымеце рашэнне ў СНБА падпісаць Пагадненне, я ў той жа дзень звярнуся да еўрапейскіх лідараў з просьбай падпісаць Пагадненне без выканання часткі крытэрыяў, у тым ліку тых, што датычацца майго вызвалення.

Я не ведаю, ці прыслухаюцца яны да маёй просьбы, але я зраблю ўсё, што ў маіх сілах, для падпісання Пагаднення. Запомніце маю трэцюю параду і думайце аб паспяховасці краіны, за якую вы адказваеце, а не пра банальнае захаванне ўлады любой цаной, і поспех знойдзе вас сам. Ён не замарудзіць.

Зразумела, што вы можаце і не прыслухоўвацца да маіх парадаў. Гэта азначае, што за вашу палітычную будучыню ніхто не дасць нават ломанай капейкі і наўрад ці вы надоўга застанецеся прэзідэнтам Украіны. Але пакуль у вас ёсць час і права на выбар. Выбірайце.

Надрукавана на сайце glavnoe.ua, пераклад на беларускую мову novychas.info.

 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0