Вэб-камера з месца падзей у Кіеве.

24 лістапада ўкраінская апазіцыя планавала вывесці людзей на вуліцы Кіева ў падтрымку еўрапейскага выбару Украіны.

13:15

Удзельнікі акцыі апазіцыі сабраліся ў парку Шаўчэнкі ў Кіеве. «Сёння мы павінны вырашыць лёс Украіны, бо менавіта народ вырашае свой лёс і ў народа ёсць свае патрабаванні», — казалі ўкраінскія актывісты.

Нагадаем, што ў чацвер прэм'ер Украіны Мікалай Азараў заявіў, што Кіеў не будзе падпісваць пагадненне аб Асацыяцыі інтэграцыі з ЕС, а робіць свой выбар на карысць з Расіяй.

Віктар Януковіч паскардзіўся прэзідэнту Літвы Далі Грыбаўскайце на шантаж з боку Масквы.

Ад вечара чацвярга ва ўкраінскіх гарадах пачаліся лакальныя пратэсты. Але самы вялікі мітынг запланаваны на сёння.

13:25

Міліцыя спрабавала паставіць сваіх супрацоўнікаў каля Бесарабскай плошчы. Аднак калоне ўдалося прабіцца і зараз людзі павольна рухаюцца далей. Яны выкрыкваюць «Юлі — волю», «Банду - гэць!», «Рух у Еўропу», «Украіна ў Еўропу».

Калона пляскае ў далоні і свішча. На сваім шляху мітынгоўцы разбілі агітацыйную палатку Камуністычнай партыі. Міліцыянтам людзі крычалі «Хлопцы, усміхніцеся» і «Як вам не сорамна?».

13:43

Помнік Леніну на Бесарабскай плошчы ахоўвае вялікая колькасць байцоў «Беркута». Манумент «правадыру сусветнага пралетарыяту» абкружаны патройным кольцам праваахоўнікаў.

Удзельнікі еўраінтэграцыйнага мітынгу, якія праходзяць міма помніка, гукаюць: «Камуняку на гіляку!»

Таксама тут жа актывісты падпалілі чырвоны сцяг. Яшчэ некалькі камуністычных сцягоў раскідалі прама на асфальце. Мітынгоўцы выціраюць аб іх ногі.

Учора ва Украіне адзначаліся сумныя ўгодкі Галадамору (1932—1933), якія забраў некалькі мільёнаў чалавечых жыццяў у СССР, у тым ліку і ва Украіне.

Зараз шэсце прыхільнікаў еўраінтэграцыі расцягнулася па Хрышчаціку і бульвары Шаўчэнкі і крочыць у напрамку Еўрапейскай плошчы.

14:41

Самалёту Віталя Клічко не далі пасадку ў Кіеве. Самалёт прызямліўся ў іншым горадзе, цяпер палітык дабіраецца на «Еўрамайдана» машынай.

У ходзе ў падтрымку еўраінтэграцыі прыняў удзел Уладзімір Клічко, які прайшоў разам з мітынгоўцам ўвесь шлях.

15:10

Народны дэпутат ад фракцыі «Бацькаўшчына» Аляксандр Турчынаў заявіў, што ўкраінцы выйшлі на Еўрапейскую плошчу, каб абараніць свае правы. 

Лідар фракцыі «Бацькаўшчына» Яцанюк сказаў: «Мы павінны дакладна сказаць. Савецкі Саюз, які называецца Мытны саюз Уладзіміра Пуціна нам не патрэбен, нам патрэбен Еўрапейскі саюз».

Перад прысутнымі выступіілі Марыя Бурмака і «Плач Ераміі». Таксама прысутныя праспявалі «Чырвону руту».

Украінскія СМІ называюць лічбу ўдзельнікаў у 50—100 тыс., міліцыя — 22 тыс.

16:10

Народ паціху разыходзіцца з акцыі пратэсту. Вядучыя абвясцілі маленькую музычную паўзу, пасля якой абяцаюць яшчэ выступленні грамадскіх актывістаў і палітыкаў. Перад гэтым увесь пяцідзесяцітысячны натоўп выканаў гімн Украіны.

Падчас выступу адзін з лідараў апазіцыі, Аляксандр Турчынаў паведаміў, што пасля мітынгу на Еўрапейскай плошчы будзе арганізаваны штаб акцыі пратэсту.

«Пасля акцыі мы ўсё адпраўляемся ў Адміністрацыю прэзідэнта, Кабмін і Вярхоўную Раду, каб выказаць сваю думку», — сказаў ён.

17:10

Частка ўдзельнікаў мітынгу накіравалася да будынка Кабінета міністраў, адбылося некалькі сутычак з міліцыяй.

Уся плошча перад Кабмінам і вуліца Грушэўскага ў абодва бакі запоўненая людзьмі. Міліцыянты ўжылі дубінкі і слёзацены газ.

Маніфестанты таксама ўжылі слёзацечны газ і пачалі кідаць выбуховыя пакеты.

Кабінет міністраў падрыхтаваўся да аблогі, уезды ў двор заблакавалі грузавікамі. Вароты зачыненыя на ланцуг. Бакавыя дзверы заблакаваныя драўлянай мэбляй.

Частка мітынгоўцаў пайшла рабіць аблогу Вярхоўнай Рады.

17:37

Стыхійны мітынг пад Кабінетам міністраў завяршаецца. Удзельнікі патроху разыходзяцца - часткова ў напрамку Еўрапейскай плошчы, часткова ў Вярхоўную Раду Украіны.

Актыўных дзеянняў ні з боку ўдзельнікаў акцыі, ні з боку міліцыі не адбываецца.

18:20

На Еўрапейскай плошчы пачынаюць ставіць намёты.

18:30

Мітынгоўцы распачалі спробу штурму кабінета міністраў у Кіеве.

Пратэстоўцы выламалі металічны шлагбаўм і спрабавалі выкарыстоўваць яго як таран, каб прарваць ачапленне міліцыі. Праваахоўнікі ў адказ зноў ўжылі дубінкі і слезацечны газ.

Падчас сутыкненняў траўму атрымаў супрацоўнік міліцыі, у якога кінулі металічнай трубой, разбіўшы яму твар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?