На новай эмблеме футбольнага клуба «Маладзечна», якую ствараюць заўзятары на беларускай мове, будзе ўказаны год заснавання клуба − 1949. 

Пытанні наконт новай эмблемы мы задалі чалавеку, які працуе над яе змяненнем, удзельніку ультрас-групы Арцёму.

− Ці праўда тое, што новая эмблема клуба будзе на беларускай мове?

− Фанацкі сектар вырашыў так. Эмблема павінна быць на беларускай мове.

− Вядома, што ў дырэктара клуба на гэты конт іншае меркаванне.

− Мы паважаем і яго выбар таксама. Мяркуем, што напярэдадні сезона мы ўсё ж такі правядзём галасаванне, на якой мове павінна быць эмблема. Хочацца, каб на гэтую тэму выказаліся тыя, каму насамрэч неабыякавы лёс маладзечанскага футбола. І каб меркаванні гэтыя былі падмацаваныя нейкімі аргументамі.

− Дзе і калі з’явіцца галасаванне?

− Давайце спачатку дачакаемся, што будзе з клубам. Як і ў мінулы год, міжсезонне пройдзе ў хваляваннях: ці будзе ж існаваць каманда?

− Эмблема зменіцца кардынальна?

− Не. Ніхто ў гэтым незацікаўлены. Эмблема маладзечанцаў мае сваю гісторыю, яна добра вядомая ўсім аматарам футбола, таму змяняць яе кардынальна няма сэнсу. Адзінае, што зменіцца: колеравае рашэнне будзе больш яскравым і замест літар «МП» на эмблеме з’явіцца год заснавання каманды − 1949.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?