Фота з сайта pcpress.rs
Марвін Ляо, былы камерцыйны дырэктар YAHOO! па рэгіёне EMEA (уключае Еўропу, Блізкі Усход і Афрыку), прыехаў у Мінск на «Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва ў Беларусі», які праходзіў з 18 па 24 лістапада. У ноч на чацвер 21 лістапада ён вырашыў паглядзець на начное жыццё беларускай сталіцы і накіраваўся ў клуб Dozari. Аднак не трапіў ва ўстанову, паколькі не прайшоў фэйс-кантроль.
«Упершыню я праходзіў фэйскантроль, а дакладней «шузконтроль», і не патрапіў у клуб. Ці можа хто-небудзь пазычыць мне чорныя туфлі на наступную ноч?» — напісаў Марвін Ляо ў сваім «Фэйсбуку».
Марвін адзначыў, што такое здарылася з ім упершыню, хоць раней ён бываў у клубах Масквы і Кіева.
На наступную ноч у тых жа зялёна-белых красоўках коштам каля 100 даляраў ён без праблем наведаў клуб «Blondes & Brunettes».