Каля 12-й гадзіны 26 лістапада на ўездзе ў Глыбокае (Віцебская вобл.) затрымалі незалежных журналістаў Вячаслава Пяшко і Насту Рэзнікаву, паведамляе сайт baj.by.
Яны ехалі рыхтаваць відэасюжэт для сайта газеты «Новы час».
Машыну, якой кіраваў Пяшко, спынілі на ўездзе ў горад супрацоўнікі ДАІ. Праверыўшы дакументы, міліцыянты спачатку сказалі, што іх насцярожвае нумар кузава машыны.
Пасля праверылі багажнік і папрасілі праехаць з імі ў РУУС, бо вонкава машына і яе пасажыры нібыта падыходзілі пад апісанне махляроў у вышуку.
Спачатку на размову выклікалі Пяшко, а затым – Рэзнікаву. Прыкладна праз паўгадзіны абодвух вызвалілі, перапісаўшы пашпартныя дадзеныя і нумары тэлефонаў. Гутарыў з імі старшы оперупаўнаважаны Мікалай Кватэра.
«Выглядала ўсе даволі падазрона», – падзяліўся з прэс-службай ГА «БАЖ» Вячаслаў Пяшко пасля вызвалення. На просьбу журналстаў паказаць «арыенціроўку» – апісанне прыкмет злачынцаў, на падставе якіх іх затрымалі, – міліцыянты прад’явілі нейкі непераканаўчы дакумент на камп’ютары з агульным апісаннем мужчыны «еўрапейскай знешнасці». Раздрукаваць дакумент адмовіліся.