Нядаўна Уладзімір Цэслер зрабіў шэраг білбордаў, якія мусяць рэкламаваць нашу краіну напярэдадні ЧС па хакеі і запрашаць гасцей ў Беларусь. «Бульбалэнд» вітае цікаўнага турыста дранікам у форме мапы нашай краіны. Чырвона-зялёная шайба, клюшкі, зоркі, бла-бла-бла. Карацей, адразу бачна, што «вы нас не забудзеце».

Я пішу і ведаю, што маё маленькае эсэ рана ці позна падзеліцца на дзве часткі. У першай я буду неэмацыйна апісваць анамнез, а ў другой – зраблю разгорнутае рэзюмэ, і далібог без мату.

Дык вось.

Паглядзіце направа. Вунь ідзе чалавек. Запытайце ў гэтага чалавека – ці ёсць у яго густ? У гэтага чалавека – дафіга густу. Вось, што вы пачуеце ў адказ.

А на самой справе, мы ж з вамі ведаем, што густ, як і ягоная вартасць, тонкасць і эталоннасць – гэта таксама справа густу, які зноў жа не факт што ёсць. Інакш кажучы, вы не растлумачыце суседу, што ў яго густу, у адрозненне ад вас, няма і рэаліі такія, што сусед на раз-два дакажа вам, што ён мацнейшы фізічна, але нельга растлумачыць суседу, што вы, затое, разумнейшы ці танчэйшы духоўна.

Ва ўсіх эталонныя густы, ва ўсіх светлыя галовы.

Дакладней, не так. «Я» – заўсёды самы разумны і «я» заўсёды мае густ. За межамі «я» ёсць яшчэ «такія як я». У іх таксама і густ, і мозг. У астатніх ані мозгу, ані густу няма. Яны – калхознікі.

Прынята лічыць, што ўвесь эстэтычны трэш ствараеца менавіта імі. Яны будуюць ромбакубактаэдр і называюць яго бібліятэкай, яны будуюць вялікую кітайскую хрэнь і называюць яе «домам, які трымае Свіслач», яны будуюць гатэлі, пяюць песні, здымаюць фільмы. Яны – не мы.

Яны любяць вакол сябе толькі бежавае, руйнуюць гістарычную спадчыну і ўсё ніяк не здохнуць як від. Але мы верым, што як толькі зменіцца палітычны лад, які асацыюецца з калхозам – мы, каторыя з густам – наваяем такога, што ўся прагрэсіўная еўропа стане ў чаргу, каб паглядзець. Можа і так, але я хачу сказаць, што такое разуменне калхозніка мяне не задавальняе. Бо ўсе ведаюць, што калхознікі – гэта не тыя, каторыя жывуць у вёсцы. Мы ведаем, што даўным-даўно яны выйшлі за межы калхозаў і жывуць унутры прафесуры, чынавенства, бізнесменства, і асабліва камфортна сярод «селебрыці».

«Калхознік», канечне, мне падабаецца. Ёмістае слова, калі хочаш кагосьці абразіць. Бяда ў тым, што паколькі ў якасці эталона густу людзі не могуць прапанаваць нікога, акрамя саміх сябе — усе называюць калхознікамі ўсіх.

Так што давайце трымаць стандартнае азначэнне калхозніка ў галаве, але я прапаную іншае.

Калхознік «у горадзе» – гэта чалавек, які успрымае горад і краіну выключна функцыянальна па аналогіі з калхозам. Калхознік не ўспрымае культурных і нацыянальных прыкметаў, бо не мае досведу такога успрыняцця: калхоз існуе асобна ад такіх прыкмет.

Калхознік вырашае задачы так, як прынята ў калхозе — самым кароткім шляхам. Калі трэба пракласці дарогу — калхозніку ў галаву не прыйдзе сумнявацца ў мэтазгоднасці пераносу сельпо з прычыны яго эстэтычнай каштоўнасці.

Калі трэба нешта сказаць пра калхоз — ён, натуральна, раскажа найперш пра прадукцыю.

Калхознікам можна быць сітуацыйна ці перманентна, выпадкова ці ідэалагічна.

Калі я кажу «калхознік» у дадзеным выпадку, я не маю намеру абразіць. Я такім чынам спрабую апісаць дастаткова сумную з’яву ўспрымання «свайго» намі ж. Мы ўсе час ад часу калхознікі. Усе да аднаго.

Зараз патлумачу. Глядзіце. Як і ўсе мы, я пляваць на вас хацеў і люблю гаварыць толькі пра сябе. Уявім, што я нарадзіўся ў калхозе, сярод жывёл і раслін. Мае бацькі пераехалі сюды ці іх прыгналі гвалтам, і на мае пытанні: «Навошта мы тут? Што мы тут робім» – адказваюць, што мы тут зараз жнём.

Мне няма чым ганарыцца. Калхоза не было 100 год таму і нікому не цікава ведаць першага старшыню. У базе майго «калхознага» патрыятызму толькі суадносіны паміж паказчыкамі за мінулы год і планамі на наступны.

Я ведаю, што мой калхоз – гэта толькі калхоз. Ён ёсць не для таго, каб ім ганарыцца, а для таго, каб работу рабіць. Таму калі мяне ў 15 год як найлепшага паэта ў школе масавік папросіць напісаць верш пра наш калхоз – я напішу пра людзей, якія работу робяць і пра план на пяцігодку.

А калі папросяць малюнак намаляваць – я намалюю камбайнёра і, па магчымасці, без камбайна, бо камбайны маляваць я яшчэ не ўмею.

Я не буду шмат вагацца, пра што пісаць і што маляваць. Гэта відавочна. Мы – калхоз.

У калхоза ёсць толькі «цяпер»; ягонае самае аптымістычнае заўтра – такое ж як сёння, а «ўчора» ў яго ніколі не было. У яго нават назва мяняецца ў залежнасці ад кан’юнктуры. Яму аказваюць фінансавую падтрымку нейкія банкі, якіх я ніколі не бачыў. Тыя, хто з’язджае з майго калхоза – нібы паміраюць, бо не вяртаюцца і не расказваюць, як жывецца «там».

Калі дырэктар калхоза вырашыць прыцягнуць сюды турыстаў, я буду выконваць пастаўленую задачу.

Калі ў калхозе вырошчваюць гарбузы – я намалюю гарбуз памерам з дом і запрашу ўсіх на радзіму самага вялікага гарбуза.

Калі ў калхозе нарадзілася цяля з дзвюма галовамі – я запрашу ахвотных на радзіму двухгаловых цялятаў.

Калі ў гэтым калхозе працаваў серыйны забойца – я зраблю улёткі ў стылі хорар, каб уся ваколіца ведала, што тут можна ўласнай сракай пасядзець у фатэлі «нашага чыкацілы».

І не будзе нічога, што б я не змог наваяць на сваіх рэкламных плошчах.

Бо гэта – калхоз, і нікому ён сам сабой не цікавы.

Бо гэта – калхоз, і нікому не будзе за яго крыўдна. Бо гэта – калхоз, і найлепшае, што абарыгены ў стане зрабіць, каб сабе дапамагчы – гэта замовіць рэкламу чалавеку, які ўмее маляваць, а не «калхознаму краязнаўцу» — які, як заўжды, пачне гундосіць пра цмокаў, лесавікоў і Вітаўта.

Хай усе называюць нас чыкацільцамі, гарбузятамі ці двухгаловымі. Абы ехалі.

І я вам так скажу: мне не шкада калхозаў. Я іх не люблю.

Але мне шкада маю краіну, унутры якой да яе ж культывуецца стаўленне як да дробнага калхоза як мінімум з трактарам, я як максімум — з трактарам, рэчкай, дырэктарам калхоза і любым антраполагу біялагічным матэрыялам.

У нас калхознікі дзеляцца паводле пасады і сацыяльнага статуса на два тыпы, і ў выніку сімбіёзу калхознікі першага тыпу – без густу і пэндзля, патрабуюць рэкламы сваёй калхознай гаспадаркі ад калхознікаў другога тыпу, што з густам і пэндзлем. Першыя – тыя, каго калхознікамі называюць, каб абразіць, другія – калхознікі, бо проста лічаць, што жывуць у калхозе. Першыя застаюцца калхознікамі, дзе б яны ні знаходзіліся. Другія рэзка становяцца гараджанамі, як толькі трапляюць у тое месца, якое не падаецца ім калхозам.

Жыхар вёскі, які малюе сваю вёску, – жыхар. Жыхар вёскі, які малюе адных трактарыстаў, – калхознік.

Я ў свой час марыў, што айдэнтыку і Мінска, і Беларусі замовяць геніяльнаму Цэслеру. Паглядзеўшы на «Драніклэнд», я падумаў, што ён не разумее, дзе ў пытаннях нацыянальных і калянацыянальных адкрытасць адмяжоўваецца ад пошласці і не разумее, што там, дзе пачынаецца «драніклэнд» — там пачынаецца і цыроз мозга, і папса, і лубок, і калхоз. Ён выканаў задачу, якую паставілі калхознікі і заняўся нечым іншым, а «ўмоўнаму мне» вось з гэтым неяк жыць.

Я не думаю, што мы ўбачым білборды «водкалэнд» да Сочынскай алімпіяды. І гэта не значыць, што ў Расіі няма дызайнераў, якім пофігу «на гэты ваш калхоз». Гэта значыць, што ім не даюць на ўсю краіну «білбордна» пра гэта паведамляць. І я папрасіў бы ўсіх таленавітых людзей тыпу Цэслера, якім, быць можа, похеру, патраціць пару хвілін свайго жыцця на тое, каб зразумець, што похеру не ўсім.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру