godstower.com

godstower.com

Славуты мэтал-гурт Gods Tower прэзэнтуе новы самотнік «Roll Out», які выдаецца на вініле ды аўдыёкасэце. Рэліз прызначаны на 4 сьнежня, піша tuzin.fm.

Яго падтрымлівае кампанія Wargaming, распрацоўшчык сусьветнавядомай кампутарнай гульні World of Tanks.

Менавіта гэтая гульня, распрацаваная між іншым у Беларусі, і натхніла гурт на напісаньне новай кампазыцыі. Лідэр Gods Tower Уладзіслаў Наважылаў (aka Lesley Knife) кажа, што з дапамогай яе ратаваўся пэўны час ад дэпрэсіі, якая напаткала яго ў той час, калі вырашана было адрадзіць каманду.

«Так выйшла, што World of Tanks стала крыніцай натхненьня для першай па-сапраўднаму новай рэчы Roll Out!» — зазначае музыка.

Самотнік было вырашана выдаць на вініле ды аўдыёкасэце. Акром загалоўнага трэку, у рэліз будзе ўключаны нумар «Field of the Dead».

Музыкі ўпэўненыя ў тым, што новыя творы стануць у адзін шэраг зь іхнімі даўнімі баевікамі. У дзень рэлізу самотніка 4 сьнежня ён будзе выкладзены таксама ў сеціве.

Якраз з 4 сьнежня стартуе тур Gods Tower. Цягам месяца яны дадуць сольныя канцэрты ў Віцебску, Магілёве, Гомелі, Менску, Горадні, Вільні, Берасьці, Бранску, Кіеве і Маскве.

Gods Tower адна зь нешматлікіх беларускіх рок-камандаў, якая здолела здабыць сусьветную вядомасьць. Ужо ў сярэдзіне 90-х яны лічыліся заканадаўцамі моды ў постсавецкай мэтал-музыцы.

У 2002 каманда прыпыніла сваё існаваньне, аднак у 2010 вярнулася на сцэну. Gods Tower выконвае песьні выключна па-ангельску, аднак на сваім канцэрце 30 сакавіка 2012 году ў Менску Лэсьлі нечакана для сваіх прыхільнікаў выканаў кампазыцыю «People in the Swamp» на беларускай мове.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?