«Я ўсё больш чую аб тым, што ў Мінску ці яшчэ дзесьці ці то ўвечары, ці то ноччу малака бракуе», — заявіў ён сёння перад урадам і Нацбанкам.

Тон падобных выказванняў кіраўніка дзяржавы проста здзіўляе. Што за кіраўнік не можа канкрэтна сфармуляваць дзе, што і калі. Нібы ён падслухаў абрыўкі нейкіх размоў, якія цяпер спрабуе інтэрпрэтаваць па-свойму.

І гэта не першы раз, калі Лукашэнка ў такім самым тоне агучвае інфармацыю з недзяржаўных выданняў. Нібыта ён не ў курсе сітуацыі на месцах, але нейкія навіны да яго ўсё-ткі даходзяць.

Да прыкладу, у студзені падчас прэс-канферэнцыі замежным і айчынным журналістам выказаўся пра беларускіх музыкаў. «А вось тут я ўвогуле не разумею. Нейкі музыка, ці то Кулінковіч, ці то хто, спытаў бы ў прэзідэнта ў першую чаргу пра тое, ці ведае ён пра існаванне ў краіне «чорных спісаў» беларускіх выканаўцаў. Вось шчыра кажу, не ведаю пра «чорныя спісы» беларускіх выканаўцаў».

Такімі выказваннямі Аляксандр Лукашэнка выстаўляе сябе закладнікам непрафесійных супрацоўнікаў Адміністрацыі прэзідэнта. Так, нібы інфармацыйныя зводкі яму рыхтуюцца неахайна, на падставе ананімных каментароў з інтэрнэту.

Між тым на тую самую тэму дэфіцыту малака была вычарпальная інфармацыя ў СМІ. І калі кіраўнік дзяржавы ганарыцца тым, што не чытае газет і інтэрнэт-парталаў, то дзіўна, прынамсі, што той самы факт яму не зафіксавалі спецслужбы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?