Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус парадаваўся крокам Малдовы і Грузіі ў бок Еўропы, аднак спрагназаваў, што ціск з боку Раіі на гэтыя краіны ўзмоцніцца, таму падпісаць асацыятыўную дамову з імі будзе няпроста, цытуе lrt.lt партал ru.delfi.lt.

— Міністр, Вы да апошняй хвіліны спадзяваліся, што ў Вільні могуць падпісаць дамову аб асацыяцыі паміж ЕС і Украінай. Адкуль у Вас бярэцца аптымізм? Можа, і цяпер Вы яшчэ не страцілі надзеі?

— Я меў рацыю, кажучы, што шмат што можа змяніцца, паколькі гэта абмяркоўвалася. Але прэзідэнт Украіны вырашыў не падпісваць дамову. Аднак, ніхто не ўгаворваў, не прымушаў падпісваць.

Проста спрабавалі высветліць матывы, аргументы, паколькі ў апошнія дні мы атрымалі шмат розных сігналаў. Мы высветлілі, што Украіна не гатовая да падпісання гэтай дамовы. Добрая вестка, калі яе можна так назваць, гэта тое , што не сказалі, што ўвогуле не хочуць яго падпісваць. 

— Можа, сказалі, калі захочуць?

— Гэта будзе залежаць ад сітуацыі. Калі б учора рашэнне Украіны змянілася, то Савет ЕС быў гатовы адразу ж абмяркоўваць новую сітуацыю. Мы былі гатовыя, але для гэтага не было прычын. Пазіцыя Украіны зменіцца ў будучыні, да гэтага пытання прыйдзецца вярнуцца.

— Гутаркі з прэзідэнтам Украіны былі надзвычай напружанымі?

— Гутаркі былі адкрытымі, усе казалі, што думалі. Хоць, я думаю, спадзяваліся, што праявяць больш гнуткасці. Спадзяваліся, што ва Украіны больш моцная матывацыя і больш разумення, што ўпушчаная магчымасць — гэта вельмі важная рэч. Іншая магчымасць існуе тэарэтычна і, відаць, можа быць практычнай, але гэта будзе вельмі складана.

— Выпадак Украіны паказвае, што геапалітычны ўплыў ЕС слабее. Ці здольны сёння ЕС гуляць у геапалітычныя гульні з Расіяй?

— Я б не пагадзіўся з такімі драматычнымі высновамі. Я магу сказаць гэта, абапіраючыся на погляд грамадзянскай супольнасці. Грамадзянская супольнасць не звязана абавязацельствам прыгожа гаварыць, а меркаванне апазіцыі і няўрадавых арганізацый было адзіным: гэта поспех.

Трэба сказаць сабе добрае слова. За гэтыя паўгода старшынства сітуацыя прасунулася наперад. І не заўважыць гэта вельмі складана. Украіна на самай справе наблізілася да Еўропы.

Дамова аб асацыяцыі, трэба прызнаць, гэта несапраўднае сяброўства. Гэта пэўны этап. І хоць было б прыемна зафіксаваць гэта ў Вільні, нашмат важней якасць працэсу. Заўважце, як паспяхова на гэтым этапе паказалі сябе Малдова і Грузія.

— У наступным годзе Малдова і Грузія плануюць падпісаць дамову аб асацыяцыі. Ці не здарыцца з імі тое ж самае, што было з Украінай? І ці ёсць у ЕС інструменты для абароны гэтых дзвюх дзяржаў?

— З сітуацыі апошняга часу вынеслі ўрокі. Адзін з урокаў вельмі ясны. Гэта адзінства краін ЕС. Не толькі стратэгія ў дачыненні да краінаў Усходняга партнёрства, але і стратэгія ў адносінах з Расіяй. Поспех не гарантаваны аўтаматычна як у выпадку з Малдовай, так і ў выпадку з Грузіяй. Падпісанне дамовы аб асацыяцыі для гэтых краін запланаваны, але было б наіўным лічыць, што ўсё будзе лёгка. Я б прагназаваў, што ціск [Расіі] не паменшыцца, а павялічыцца. І поспех будзе залежаць не толькі ад зацятасці гэтых краін, але і ад яснай пазіцыі еўрапейцаў.

— Наколькі небяспечны для праграмы Усходняга партнёрства Мытны саюз, што стварае Расія?

— Слова "небяспечны" недакладнае. Мы не бачым пагроз у гэтых фарміраваннях. Гэта канкурэнцыя, а не небяспека. Я і нашы калегі, вядома, схільныя пратэжыраваць еўрапейскі праект.

 

http://ru.delfi.lt/

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0