Каля менскага гандлёвага цэнтру «Паркінг» сабраліся дробныя гандляры, якія сёньня праводзяць страйк пратэсту. Лідэр прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў быў затрыманы але яго адпусьцілі з Савецкага РУУС, калі да будынку падышлі пратэстоўцы.

Сёньня ў Беларусі адзначаецца Дзень прадпрымальніка. Частка дробных прадпрымальнікаў адзначыла сьвята страйкам. У Менску, Баранавічах, Салігорску, Віцебску, Бабруйску, Вузьдзе, Барысаве прыпынілі працу дробныя гандляры. Арганізатары выступу дэкляруюць, што іх было нават 30 тысяч.

У Менску не працавалі ждановіцкія будаўнічы і радыёрынак, няма гандлю ў «Паркінгу» на Куйбышава, у гандлёвых цэнтрах «Купалаўскі», «Эўропа», «Зеркало». Часткова не працавалі «Bigzz» і «Экспабел».

Старшыня каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў менскіх рынкаў Аляксандар Таўстыка распавёў, што сёньняшняя акцыя была папераджальнай, з мэтай прыцягнуць увагу да становішча дробных гандляроў.

На думку сп. Таўстыкі, улады не пачулі прадпрымальнікаў. Дэлегацыя прадпрымальнікаў перадала старшыні сталай камісіі палаты прадстаўнікоў па прамысловасьці, паліўна-энэргетычным комплексе, транспарце, сувязі і прадпрымальніцтве Анатолю Паўловічу каля 1000 подпісаў за адмену ўказу № 760. Усяго такіх подпісаў сабрана больш за 20 тысячаў. «Мы хочам зьвярнуць увагу на стан прадпрымальніцтва ўвогуле, на тое, што нас хочуць прымусіць працаваць паводле ўказу які пярэчыць Канстытуцыі — мы пазбаўляемся права вольна працаваць, а нашая маёмасьць пад пагрозай канфіскацыі». Сп. Таўстыка заклікаў прадпрымальнікаў дзейнічаць супольна і арганізавана:

«Сёньня наша сьвята, сьвята са сьлязамі на вачах, але мы пераможам, калі будзем разам».

Тым часам гандляры з «Дынама», Камароўскага рынку й «Імпульсу» працягвалі працаваць. Паводле актывістаў «Пэрспэктывы», што там працуюць, іх не папярэдзілі пра акцыю. Старшыня каардынацыйнай рады сталічных прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў, які сёньня адказваў на пытаньні журналістаў каля «Паркінгу», патлумачыў гэта тым, што сярод прадпрымальнікаў няма адзінства:

«Паводле нашых зьвестак, лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка назваў нашую акцыю правакацыяй, таму, я думаю, і працуе сёньня «Дынама» ды іншыя рынкі».

На думку сп. Макаева, Шумчанка такім чынам гуляе на карысьць уладаў.

Спадары Макаеў і Таўстыка заклікалі калегаў прыйсьці 14 кастрычніка на «Эўрапейскі марш». Паводле іх жа зьвестак лідэр «Пэрспэктывы» А. Шумчанка плянуе зладзіць чарговы мітынг на Бангалоры 5 лістапада.

Калі адзін зь лідэраў прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў каля «Паркінгу» быў затрыманы, удзельнікі страйку грамадою падышлі да будынку пастарунку, і Макаева адпусьцілі. Тады прадпрымальнікі вярнуліся назад да «Паркінгу».

Да «Паркінгу» наведаўся начальнік упраўленьня прадпрымальніцтва Менгарвыканкаму Аляксандар Каліноўскі, які выслухаў пытаньні страйкоўцаў. На сераду на 11-ю гадзіну прызначана сустрэча з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства падаткаў, Адміністрацыі прэзыдэнта ды іншых зацікаўленых дзяржструктураў.

Каля 15-й гадзіны прадпрымальнікі разышліся.

Лідэры прадпрымальнікаў агучылі некалькі прапановаў. Калі ўлады ня пойдуць на саступкі, з 1 студзеня прадпрымальнікі пагражаюць пайсьці ў адпачынак на месяц, каб ня сплочваць студзеньскія падаткі.






Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?