Да Беларусі набліжаецца магутны паўночнаатлантычны цыклон «Хавер»,

паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў.

«Хавер» праявіць сябе ўжо ў пятніцу, 6 снежня», - адзначыў сіноптык.

Найбольшы ўплыў цыклон, які рухаецца праз акваторыю Балтыйскага мора, зробіць на паўночна-ўсходнія рэгіёны Беларусі. Чакаюцца снег, мяцеліца, месцамі на дарогах галалёдзіца. Прагназуюцца парывы ветру да 15—24 метраў у секунду. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад мінус 3 да плюс 2 градусаў.

У суботу, 7 снежня, складаныя ўмовы надвор'я захаваюцца. Тэмпература паветра панізіцца, на працягу сутак будзе ад нуля да мінус 6 градусаў. Вецер у асобных раёнах пачне сціхаць.

«Да нядзелі «Хавер» пакіне тэрыторыю Беларусі і сыдзе на Маскоўскую вобласць», — адзначыў Дзмітрый Рабаў. У гэты дзень на большай частцы Беларусі пройдзе кароткачасовы снег, па паўднёвым захадзе месцамі закруціць мяцеліца. На дарогах захаваецца галалёдзіца. Ноччу па паўднёвым захадзе сіноптыкі прагназуюць узмацненне ветру з парывамі да 15-20 метраў у секунду. Тэмпература паветра працягне зніжацца: у начныя гадзіны чакаецца мінус 3-8 градусаў, днём - ад нуля да мінус 6 градусаў.

У пачатку наступнага тыдня чакаецца марознае надвор'е.

У панядзелак 9 снежня тэмпература паветра ноччу складзе мінус 6-12 градусаў, пры праясненнях — да мінус 14 градусаў. У дзённыя гадзіны чакаецца мінус 2—8 градусаў, трохі цяплей будзе па паўднёвым захадзе краіны, дзе ноччу чакаецца ад 0 да мінус 5 градусаў. Днём прагназуецца ад мінус 1 да плюс 2 градусаў. Ноччу ў заходніх раёнах, днём на большай частцы тэрыторыі краіны сіноптыкі абяцаюць снег, у дзённыя гадзіны ў паўднёва-заходніх раёнах — мокры снег. На асобных участках дарог будзе галалёдзіца.

У аўторак 10 снежня, праз тэрыторыю Беларусі будуць праходзіць малаактыўныя атмасферныя франты з Балтыйскага мора. Яны прынясуць месцамі кароткачасовы снег. Уначы тэмпература паветра складзе мінус 6-12 градусаў, па поўначы краіны пры праясненнях — да мінус 15 градусаў. Днём чакаецца мінус 2-10 градусаў.

У сераду ноччу на большай частцы тэрыторыі краіны, а днём месцамі будзе ісці снег. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Уначы прагназуецца 2-8 градусаў марозу, ва ўсходніх раёнах пры праясненнях — да мінус 10—12 градусаў. Днём — ад мінус 4 да плюс 2 градусаў, паведамляе БелТА.

Нагадаем, у сярэдзіне сакавіка 2013 цыклон «Хавер» абрынуў на Беларусь снежны шторм: спыніўся транспарт, дзясяткі населеных пунктаў засталіся без святла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?