У Кобрыне 4 школьнікі дапамаглі затрымаць злодзея, паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.
Чацвёра вучняў пятых і сёмых класаў кобрынскіх школ гулялі каля ўвахода на мясцовы рынак, калі ўбачылі, як мужчына скраў з павільёна куртку і паспрабаваў схавацца. Школьнікі не спалохаліся, а з крыкамі кінуліся за злачынцам. Адзін з хлопцаў тэлефанаваў у міліцыю і ў дэталях распавядаў дзяжурнаму пра перамяшчэнні зламысніка, які дзяцей не чапаў, а спрабаваў уцячы ад іх. Урэшце мужчына забег у тупік, шпурнуў скрадзеную куртку ў дзяцей і схаваўся ў склепе дома. У гэты час падаспелі супрацоўнікі міліцыі. Дзеці ім пра ўсё расказалі і апісалі злодзея. Праваахоўнікі заблакавалі выхады са склепа і затрымалі зламысніка.
Высветлілася, што мужчына выкраў адразу дзве курткі — адну ў краме «Дом гандлю», другую — на размешчаным побач рынку. Такім чынам, затрыманы будзе адказваць па двух артыкулах крымінальнага кодэкса.
А школьнікаў праваахоўнікі ўзнагародзілі за праяўленую актыўную грамадзянскую пазіцыю і дапамогу ў раскрыцці злачынства і затрыманні злачынца. У прысутнасці вучняў, настаўнікаў і бацькоў чацвярых хлопцаў падтрымалі падзякай начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў і грашовай узнагародай.





