Урад Расійскай Федэрацыі працягнуў на 2014 год пагадненне з Беларуссю па нафтавых пошлінах. Адпаведнае рашэнне апублікавана 9 снежня на сайце расійскага ўрада.
«Праект пратакола прадугледжвае працяг дзеяння пагаднення аб парадку выплаты і залічэння вывазных мытных пошлін (іншых пошлін, падаткаў і збораў, якія маюць эквівалентнае дзеянне) пры вывазе з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь за межы мытнай тэрыторыі Мытнага саюза нафты сырой і асобных катэгорый тавараў, выпрацаваных з нафты, ад 9 снежня 2010 года на 2014 год», — гаворыцца ў паведамленні ўрада.
Ва ўрадзе РФ пракаментавалі, што «ў адпаведнасці з артыкулам 17 пагадненне спыняе дзеянне адначасова з уваходжаннем у сілу пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь, Рэспублікай Казахстан і Расійскай Федэрацыяй аб парадку выплаты вывазных мытных пошлін. Зараз такое пагадненне не распрацавана, у сувязі з гэтым узнікла неабходнасць пралангацыі дзейнага пагаднення».
Нагадаем, Беларусь атрымлівае ў межах Мытнага саюза з Расіі нафту без выплаты пошліны, аднак пералічвае ў расійскі бюджэт вывазную пошліну за экспартаваныя нафтапрадукты, вырабленыя з гэтай нафты.
У першай палове кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў гадавым выражэнні аб'ём сродкаў, якія пералічваюцца ў расійскі бюджэт у выглядзе нафтапошлін, можа дасягаць 4 млрд. даляраў.