У Беларусі неабходна рэгулярна праводзіць вялікія нарады рэспубліканскага ўзроўню для пастаноўкі прыярытэтных задач перад кіруючымі кадрамі.

Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 снежня, прымаючы з дакладам прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кабякова і старшыню Камітэта дзяржкантролю Аляксандра Якабсона.

Асноўнай тэмай сустрэчы стала падрыхтоўка да правядзення 10 снежня рэспубліканскай нарады па вырашэнні праблемных пытанняў у будаўнічай галіне і ўдасканаленню работы з кіруючымі кадрамі.

«Як вядома, заўтра ў нас сур'ёзнае мерапрыемства. На жаль, на вышэйшым узроўні мы не выпрацавалі сістэму работы з кіруючымі кадрамі, і ўсё атрымліваецца наскокам і ад выпадку да выпадку. Добра, што актуальныя пытанні выносім на разгляд.

Я гэта кажу таму, што такая сістэма павінна быць выпрацавана, — сказаў Лукашэнка.

— Мы да гэтага пытання ў свой час падыходзілі і быццам бы нешта там намацалі.

Таму нам трэба тут вызначыцца. Мінімум раз у паўгоддзе мы павінны праводзіць такія мерапрыемствы».

«Мы павінны на ўзроўні прэзідэнта праводзіць гэтыя мерапрыемствы з нашым актывам, каб арыентаваць людзей на вырашэнне важнейшых задач, якія стаяць перад грамадствам. Першае пытанне - гэта сістэма. Сістэмы гэтай пакуль няма», - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на падрыхтоўку маючай адбыцца нарады, паколькі на ёй будзе прысутнічаць уся кіруючая вертыкаль выканаўчай, заканадаўчай і судовай улады.

Такое мерапрыемства ўпершыню пройдзе ў Палацы Незалежнасці. «Але самае галоўнае - змест, тое, з чым паедуць людзі з гэтага мерапрыемства», — падкрэсліў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым Лукашэнка выказаў шэраг крытычных заўваг да зместу падрыхтаванага для яго даклада.

«Павінен сказаць, што я ўважліва паглядзеў гэту пісаніну - інструкцыя з усхваленнем нейкай групы Кабякова. На кожнай старонцы спасылка па пяць разоў на работу групы і яе вялікую выніковасць, яе парады.

Па-першае, гэта не справа прэзідэнта выказваць адабрэнне і падтрымліваць, няхай нават і вельмі эфектыўную групу. Па-другое, мы яшчэ паглядзім эфектыўнасць яе работы», - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да прэм'ер-міністра, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прапановы рабочай групы па вырашэнню праблемных пытанняў у будаўніцтве павінны быць прааналізаваны і вывучаны ва ўрадзе. «Якім бы ні быў вялікі Кабякоў і тыя, каго ён сабраў (работа праведзена вялікая і, напэўна, эфектыўная), усё ж такі вам трэба прымаць рашэнне. У новы год мы павінны выйсці з новым будаўнічым комплексам, а там куча прапаноў па нарматворчасці, і ўжо сёння трэба гэтыя рашэнні прыняць.

Але самае галоўнае - паглядзець, якія рашэнні і рэкамендацыі групы трэба падтрымаць, а якія - не. А, магчыма, і ў цэлым. Я тут нічога не абвяргаю.

Таму рана сёння прэзідэнту выступаць на галоўнай падзеі года і хваліць нейкую групу», - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца зместу падрыхтаванага даклада, то, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён падобны да інструкцыі будаўнічага комплексу.

«Я думаю, гэта справа прэм'ера і нават, напэўна, міністра выдаваць інструкцыі. Таму ў вас яшчэ дзень, каб падрыхтаваць мне матэрыялы, тэзісы для даклада», - даручыў Лукашэнка.

«Нарада пройдзе, мы абазначым праблемы, але з 1 студзеня 2014 года мы гэтыя праблемы павінны вырашаць. І не дай бог у будаўнічым комплексе, ды і па іншых напрамках (будаўніцтва - гэта навука для іншых) з'явяцца такія ж недахопы, якія мы назіралі і ў гэтым, і мінулыя гады», - папярэдзіў Лукашэнка.

«Трэба вярнуць ліцэнзаванне - вяртайце. Трэба ўзмацніць кантроль - узмацняйце. Але расхлябанасці ў рабоце з насельніцтвам не павінна быць.

Асабліва там, дзе арганізацыі маюць справу з грашыма людзей. Узялі ў людзей грошы, паабяцалі ў гэты тэрмін увесці за гэту цану - уводзьце, і з добрай якасцю. Не - поўнасцю кампенсацыя, нават у двухкратным памеры, каб людзі на нас не крыўдзіліся. Дапусцілі правапарушэнне — у турму», - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?