Рэспубліканскія нарады па праблемных пытаннях розных галін стануць рэгулярнымі і будуць праходзіць мінімум раз у паўгода.

Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння на рэспубліканскай нарадзе па вырашэнні праблемных пытанняў у будаўнічай галіне і ўдасканаленні работы з кіруючымі кадрамі.

Лукашэнка назваў сённяшняе мерапрыемства знакавай падзеяй і прызнаўся, што яно бачыцца яму своеасаблівым аналагам пленума Цэнтральнага Камітэта Кампартыі ў савецкія часы, калі з усіх рэгіёнаў збіраліся кіруючыя кадры і адкрыта абмяркоўвалі, сумесна вырашалі важнейшыя пытанні жыцця грамадства.

У Беларусі выбраны фармат рэспубліканскай нарады.

«Такога фармату і шырокага складу ўдзельнікаў патрабуюць як актуальнасць тэматыкі, так і неабходнасць усебаковага абмеркавання рэальнай сітуацыі ў вельмі важных сферах дзейнасці, каб дайсці да кожнага рэгіёна, кожнай арганізацыі», — растлумачыў ён.

«Стаіць задача ўзняць і прапанаваць вырашэнні найбольш злабадзённых і значных для людзей пытанняў развіцця эканомікі і грамадства не толькі на сённяшні дзень, але і сярэднетэрміновую перспектыву», — сказаў Лукашэнка.

Ён лічыць, што неабходна часцей, як мінімум раз у паўгода, збірацца ў такім складзе, каб на сістэмнай аснове даваць сігналы ўсяму грамадству аб праблемах, што ўзнікаюць, і шляхах іх вырашэння.

Паводле яго слоў, да гэтага часу на самым высокім узроўні не быў выпрацаваны такі фармат сустрэчы прэзідэнта з кіруючымі кадрамі краіны.

«Больш таго, мы страцілі нават тое, што было напрацавана ранейшым складам Адміністрацыі прэзідэнта. Таму мы дамовіліся, што ў перспектыве такія нарады стануць нормай», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка даручыў ураду сумесна з Адміністрацыяй прэзідэнта ўнесці прапановы па галіновай тэматыцы для наступных нарад. На думку кіраўніка дзяржавы, першачарговага разгляду патрабуюць праблемы ЖКГ і развіццё аграпрамысловага комплексу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?