Аляксандр Лукашэнка абяцае павышэнне дзяржслужачым заработнай платы, але толькі пры выніковасці іх працы.

«Я зусім не за тое, каб замарозіць зарплату і дзяржаўныя служачыя яе не атрымлівалі, — заявіў ён 10 снежня на нарадзе па вырашэнні праблем будаўнічай галіны і ўдасканаленні працы з кіраўнічымі кадрамі. — Я зусім не супраць, каб яна расла пастаянна.

Але як мы можам растлумачыць людзям, што мы сабе павялічылі зарплату пры такіх трыльённых запасах прадукцыі на складах, калі мы яе не прадаем, не ўмеем прадаваць, чагосьці не зрабілі, — як гэта мы людзям растлумачым?

А давядзецца тлумачыць. Мне першаму, а потым вам, і вам будзе больш балюча, таму што вы адзін на адзін з людзьмі».

«Мы будзем павышаць зарплату дзяржаўным служачым, яе трэба вывесці да таго працэнта, які заўсёды быў, мы гэта ведаем і адшукаем гэтыя сродкі.

Але павінен быць вынік. Будзе вынік — я прыму такое рашэнне, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА. — Але агулам ніякіх павышэнняў зарплат быць не павінна, у нас не такія багатыя людзі, і людзі не зразумеюць».

Разам з тым Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што дзяржава штогод павышае зарплату. «Яшчэ не было таго года, у які б мы не павышалі заработную плату. Мы штогод гэта робім. Але можна спрачацца: многа гэта ці мала», — дадаў ён.

На зарплату, падкрэсліў Лукашэнка, трэба глядзець з пункта гледжання пакупніцкай здольнасці. «Чаму ж мы не гаворым аб тым, што за 500 долараў у Расіі можна толькі весці жабрацкае існаванне, а ў Беларусі яшчэ неяк можна жыць? Мы ж пра гэта не гаворым. Гэта таксама трэба ўлічваць», — перакананы кіраўнік дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?