Пра гэта паведамляе яго жонка Марына Адамовіч. Іншыя навіны з жыцця палітыка — ва ўрыўку з ліста, размешчанага на сайце statkevich.org.  

«Тут без асаблівых зменаў, хоць адчуваецца пэўная напружанасць. Добрай новай традыцыяй робяцца частыя ператрусы, пры якіх выварочваюцца ўсе рэчы. Але ў «амерыканцы» такое рабілася ледзь не праз дзень, таму не ўражвае. Увогуле, за гэтыя тры гады я атрымаў такі досвед, што здзівіць мяне нечым складана. А прымусіць «папрасіцца» — тым болей. Не дачакаюцца», — такімі словамі завершыў палітвязень ліст да родных.

«Найлепшая навіна з турмы — звычайна адсутнасць навінаў у лістах, але тут няма чым пахваліцца. Увесь час працягваюцца нейкія дробныя паскудствы, — так пракаментавала Марына Адамовіч апошнія навіны з турмы. — Падаецца, што Мікалая спрабуюць выбіць з раўнавагі, не даць яму спаць ці знайсці нагоду для спагнання яшчэ і такім спосабам. Ну што ж, ён адказаў — не дачакаюцца». 

Марына Адамовіч паведаміла таксама, што, паводле яе звестак, у камеры Мікалая Статкевіча ад пятніцы адключанае ацяпленне. Паводле афіцыйнай версіі, праз аварыю.

«Але, наколькі мне вядома, ацяплення няма толькі ў некалькіх камерах, агулам ў 3-4-х. Такая вельмі «лакальная» аварыя, ды і нешта не спяшаюцца яе ліквідоўваць. Праўда, «пацярпелым» выдалі па дадатковай коўдры. Але ж імі скарыстацца можна толькі ўначы. А як жа днём?» — задаецца пытаннем жанчына.

Але хвалюе палітыка тое, што адбываецца на волі. У прыватнасці, ён пракаментаваў аб'яднаўчыя ініцыятывы розных палітычных сіл:

«Чытаю пра розныя аб'яднаўчыя прапановы. Па сутнасці, усе гэтыя публічныя заклікі да яднання па рэцэпце аўтараў заклікаў — праявы міжпартыйнай барацьбы. Дзеля сапраўднага аб'яднання спачатку ўтвараюцца дыскусійныя пляцоўкі, на якіх непублічна шукаецца адзіны падыход. 19.12.2010 г. такая пляцоўка была ўтвораная на плошчы ўсеагульным галасаваннем. Легітымней не прыдумаеш. Але пра яе чамусьці забылі». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?