Грунову пагражае смяротнае пакаранне, і ён амаль не падымае галавы.

Грунову пагражае смяротнае пакаранне, і ён амаль не падымае галавы.

На лаве падсудных — 25-гадовы Аляксандр Груноў. Яго ўжо асудзілі да расстрэлу. Але затым справу накіравалі на новы разгляд. Ён авбінавачваецца ў забойстве 21-гадовай студэнткі Наталлі Емяльянчыкавай. 102 разы яе ўдарылі нажом летась.

Працэс вядзе намеснік старшыні Гомельскага абласнога суда Анатоль Тозік, які, дарэчы, ужо не раз за жыццё выносіў смяротныя прысуды.

Паводзіны Грунова за столькі судоў не змяніліся. Ён па-ранейшаму сядзіць на лаве з апу­шчанай галавой, з сашчэпленымі рукамі. На ягоным твары — амаль ніякіх эмоцый: раз­пораз з’яўляецца ледзь заўважны цень усмешкі. Калі ўстае, рукі закладае за спіну, гаворыць ціха, няўцямна. Часта суддзі ўвогуле даводзіцца літаральна выцягваць з яго адказы.

«Ці прызнаеце сваю віну?» — у адказ маўчанне. Зноў пытанне, і зноў цішыня. У выніку Груноў прызнаў віну, але не цалкам. А потым адмовіўся даваць паказанні. Адвакат патлумачыў: каб лішні раз не траўміраваць маці забітай, за абвінавачванага будзе адказваць ён.

На першае новае пасяджэнне прыйшла не толькі маці Наталлі Емяльянчыкавай, але маці і сваякі Грунова. Апошнія, калі ўбачылі Аляксандра, аніякай рэакцыі не праявілі: ні слёз, ні ўсмешак, ні ўздыхаў. Быццам чужыя людзі.

«Я хіба таксама не пацярпелая? З глузду з’язджаю! Няўжо зноў смяротны прысуд будзе? Яму б і 25 год вось так хапіла б. Ён жа прызнаўся ва ўсім, сказаў, што вінаваты. Яго справакавалі на тое забойства», — перад судом галасіла маці хлопца. Сын ёй часта піша лісты, але ні слова пра справу. «Ён у мяне такі філосаф. Усё думкі свае выкладае. Прабачэння просіць. І заўсёды падпісваецца: твой бесталковы сын Сашка».

Маці забітай дзяўчыны Ірына настойвае на смяротным прысудзе. «Я згодная з прэзідэнтам — такія не павінны жыць. Ён жа не першы раз забіў, не выпадкова! Яго нельга выпускаць у грамадства, каб больш ні адна Наталля не загінула. Ён не раскайваецца, для яго 102 нажавых — не цяжкае злачынства! Ён жыве, а мая дачка больш за год у зямлі, я не выходжу ад псіхіятра, мяне з мігалкамі завозяць да кардыёлага. Як мне зноў перажыць гэты суд?»

Справа вырашана?

«Калі ты, нягоднік і падонак, ідзеш і не першы раз ужо робіш злачынства, забіваеш чалавека, то якое права ты маеш жыць на гэтай зямлі?» — сказаў нядаўна Лукашэнка. Ці паўплываюць ягоныя словы на новы прысуд?

«Прозвішча Грунова ў заяве прэзідэнта не гучала, а каментаваць можна як заўгодна. Гэта не адзіны такі суд. Дарэчы, у маёй практыцы былі падобныя справы, якія завяршаліся 18—20 гадамі пазбаўлення волі. І справа Грунова не тая, каб выносіць смяротны прысуд, — лічыць адвакат Сяргей Красноў. — Хлопец раскайваецца ў забойстве, але не можа выражаць свае думкі, пачуцці, таму і на судзе гэта не выказаў».

Нагадаем, што гэта не першая судзімасць Грунова. У 2005 у сварцы ён быў асуджаны за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці сужыцеля маці. Калі хлопец хадзіў у чацвёрты клас, забілі яго бацьку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?