Упраўленнем Следчага камітэта па Мінску распачата справа ў дачыненні да мінчаніна 1970 года нараджэння па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правіл дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінску Аляксандр Герасімаў, падчас папярэдняга расследавання ўстаноўлена, што 10 снежня падазроны, з'яўляючыся вадзіцелем грузавога «МАЗа», які належыць ААТ «Мінскі аўтамабільны завод», спыніў транспартны сродак каля краю праезнай часткі ў Заводскім раёне, не прыняў мер, якія выключаюць яго самаадвольны рух, і адлучыўся.

Грузавік самаадвольна пачаў рух, выехаў на тратуар і наехаў на дзвюх жанчын.

Адной з пацярпелых былі нанесены ўдары, ёй аказана медыцынская дапамога без шпіталізацыі. Другую пацярпелую, мінчанку 1952 года нараджэння з цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі шпіталізавалі ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Падчас рэанімацыйных мерапрыемстваў яна памерла.

Па справе прызначаны комплексная судова-медыцынская і аўтатэхнічная экспертызы. Праводзяцца неабходныя следчыя мерапрыемствы. Падазроны знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?