У Паўночнай Карэі пакараны смерцю Чан Сон Тхэк — дзядзька цяперашняга лідара КНДР Кім Чэн Ына. Пра гэта паведаміла Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі (ЦТАК).
Паведамляецца, што яго пакаралі смерцю адразу ж пасля вынясення прысуду ваенным судом у чацвер.
Паводле інфармацыі агенцтва, Чан Сон Тхэк прызнаўся ў спробе ажыццяўлення дзяржаўнага перавароту і фармаванні групоўкі з мэтай захопу ўлады.
Супраць яго былі таксама вылучаныя абвінавачванні ў карупцыі, распусных паводзінах, контррэвалюцыйнай дзейнасці і ва ўжыванні наркотыкаў.
У паведамленні агенцтва гаворыцца, што «ідэалагічна разбэшчаны» Чан Сон Тхэк «быў горшы за сабаку».
Раней ён быў зняты з пасады намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта абароны. У пачатку снежня былі пакараныя яго памочнікі.
Дзяржаўнае тэлебачанне КНДР таксама выразала з прапагандысцкага дакументальнага фільма ўсе кадры, на якіх прысутнічаў Чан Сон Тхэк.
У панядзелак ЦТАК апублікавала відэазапіс, на якой узброеныя людзі ў ваеннай форме выводзяць Чан Сон Тхэка з пасяджэння палітбюро Працоўнай партыі Карэі.
Да нядаўняга часу 67-гадовы Чан Сон Тхэк быў бліжэйшым паплечнікам свайго пляменніка і адной з самых магутных фігур у КНДР.
Улады ЗША заявілі што не могуць пацвердзіць паведамленні аб пакаранні Чан Сон Тхэка з незалежных крыніц, аднак «не бачаць прычын для сумненняў» у праўдзівасці паведамлення ЦТАК.