«Таямніца ночы».

«Таямніца ночы».

Герой урачыстасцяў — бясспрэчны класік айчыннага мастацтва. Яго росквіт прыйшоўся на 1960-1980-я гады мінулага стагоддзя, калі былі створаны «Балада пра мужнасць», «Маё Палессе», «Мацярынскія крылы», «Вераснёўскія туманы», «Першы снег» і, зразумела, «Жнівень», уключаны Сяргеем Харэўскім у 100 твораў мастацтва ХХ стагоддзя.

На выставе прадстаўлена 60 прац Вашчанкі, створаных за апошнія тры дзесяцігоддзі.

Гэта сведчанне надзвычайнай працаздольнасці. Мастак нават у такім паважаным узросце штодзень прыходзіць у майстэрню.

На думку Рыгора Сітніцы, «яго жыццё — прыклад, як можна распарадзіцца часам і лёсам. Вашчанка распарадзіўся імі геніяльна».

Істотна, што творца працягвае развівацца і змяняцца. Яго карціны вельмі розныя: напрыклад, творы 1990-х непадобныя на тыя, якія напісаны ў «нулявыя».

«Сённяшняя выстава — плён шматгадовых разважанняў, навеяных бяссонніцай і нейкімі жыццёвымі эпізодамі, — кажа Вашчанка. — А таксама старадаўнімі павер’ямі, легендамі. Бо ноч заўсёды захоўвае мноства таямніц».

Найбольшае ўражанне пакідаюць тры творы.

«Іардань на Палессі» (1989) выклікае міжвольныя асацыяцыі з чарнобыльскай трагедыяй: палешукі збіраюцца хрысціць зараджаную радыяцыяй ваду (сам Вашчанка нарадзіўся ў вёсцы Брагінскага раёна).

«Двое» (2001) ствараюць адчуванне расколатага свету, уратавацца ў якім можна толькі праз каханне.

«Жар купальскага вогнішча» (1999-2003) перадае атмасферу квітнення прыроды, якая літаральна дыхае жарсцю.

Адну з інтэрпрэтацый творчасці Вашчанкі прапанаваў Генадзь Бураўкін. Ён доўга не мог усвядоміць, чаму працы Вашчанкі нібыта з’яўляюцца змрочнымі (напрыклад, так мастак адлюстроўвае неба). У нейкі момант Бураўкін зразумеў, што для Вашчанкі неба — гэта зямля. Ён уздымае беларускую зямлю да вышыні неба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?