Масква і Мінск узгаднілі аб'ём паставак расійскай нафты ў Беларусь у першым квартале на ўзроўні 5,75 мільёна тон. У снежні бакі разлічваюць падпісаць баланс на ўвесь 2014 год, паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч сёння ў Маскве пасля перамоў са сваім расійскім калегам Дзмітрыем Мядзведзевым.

«Сёння мы дамовіліся, што паспрабуем у снежні гэтага года падпісаць баланс на наступны год. Мы просім 23 мільёны (тон нафты), расійскія калегі, палічыўшы магчымасці, спыняюцца пакуль на 21 мільёне, але не закрываюць, я так разумею, тэму для перамоў для таго, каб зблізіць вось гэтыя дзве лічбы», — цытуе Мясніковіча РІА Новости.

У сваю чаргу Мядзведзеў заявіў, што расійскаму боку неабходна празрыстасць сітуацыі з пастаўленымі Беларусі нафтапрадуктамі. «Важна, каб на гэтым рынку не было злоўжыванняў. Заўсёды ёсць пэўныя людзі, якія жадаюць зарабіць дадатковыя грошы за кошт маніпулявання тымі ці іншымі правіламі. Такім людзям трэба біць па руках, і пра гэта мы з беларускімі партнёрамі таксама дамовіліся», — сказаў расійскі прэм'ер.

«Важна, каб гэты рынак быў празрыстым, каб мы разумелі, што ў ім адбываецца, што адбываецца з расійскімі нафтапрадуктамі, якія пастаўлены ў Беларусь, які аб'ём з іх перапрацоўваецца, што вяртаецца да нас у выглядзе бензіну», — падкрэсліў Мядзведзеў.

Нагадаем, напярэдадні 2013 года Расія адмовілася падпісваць з Беларуссю гадавы баланс паставак, асцерагаючыся аднаўлення Мінскам шэрага экспарту растваральнікаў і разбавіцеляў. Сёлета пастаўкі нафты ажыццяўляюцца ў межах графікаў, якія штоквартальна зацвярджаюцца. Кожны квартал на беларускія НПЗ паступала 5,75 млн. тон расійскай нафты. На сённяшнім пасяджэнні ў Маскве беларускі бок разлічваў дамовіцца пра пастаўкі на 2014 год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?