Нагадаем, законапраект «Аб бюджэце» на 2014 год быў прыняты 12 снежня ў першым чытанні дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.

Дакумент змяняе размеркаванне адлічэнняў ад падатку на прыбытак дзяржаўных прадпрыемстваў. Раней 50% сродкаў ад адлічэнняў ад падатку на прыбытак, які атрымліваўся на тэрыторыі адпаведнай вобласці, ішло ў даход рэспубліканскага бюджэту, а 50% — кансалідаванага бюджэту вобласці. Зараз 100% сродкаў будзе накіроўвацца ў рэспубліканскі бюджэт. На тэрыторыі Мінска 100% сродкаў ад адлічэнняў ад падатку на прыбытак, як і раней, будуць паступаць у рэспубліканскі бюджэт.

Намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц адзначыў, што над эканомікай Беларусі «вісіць пагроза дэфолту, таму дзяржава імкнецца акумуляваць рэсурсы, карэктуючы планы з прыярытэтам выплаты дзярждоўгу». «Новае размеркаванне падаткаў калі не дапаможа не дапусціць дэфолт, то ў любым выпадку ў цэлым сітуацыю не пагоршыць, хаця сродкаў у мясцовых бюджэтаў будзе менш», — сказаў Грыц.

Эканамічны эксперт «Ліберальнага клуба» Антон Балточка адзначыў, што рэспубліканскі бюджэт сёлета сродкаў недабраў, а мясцовыя якраз з гэтай задачай справіліся. Новая сістэма адлічэнняў ад падатку на прыбытак дазволіць «залатаць тыя дзіркі ў бюджэце, якія могуць утварацца ў рэспубліканскім бюджэце».

Такім чынам, улады спрабуюць усімі спосабамі павялічыць даходную частку рэспубліканскага бюджэту, у выніку чаго мясцовыя бюджэты страцяць частку даходу. «Думаю, паказчыкі мясцовых бюджэтаў адназначна пагоршацца. І пацерпіць, перш за ўсё, сацыяльная сферы — ахова здароўя і адукацыя», — сказаў Балточка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?