З пачатку 2013 года колькасць насельніцтва Мінска ў выніку натуральнага і міграцыйнага прыростаў павялічылася на 16.285 чалавек.

Па стане на 1 лістапада гэты паказчык склаў 1 млн. 917,3 тыс. чалавек, паведамляе галоўнае статыстычнае ўпраўленне сталіцы.

Натуральны прырост насельніцтва ў Мінску за студзень—кастрычнік павялічыўся ў параўнанні з такім жа перыядам 2012 года на 15,7% і склаў 4.706 чалавек.

Сёлета ў горадзе штодня нараджалася ў сярэднім 64 дзіцяці. За 10 месяцаў у Мінску нарадзілася 19.413 чалавек, у той час як памерла 14.707. Такім чынам, лік народжаных перавысіў колькасць памерлых на 32% (за 10 месяцаў 2012 года — на 27,8%).

Лік зарэгістраваных шлюбаў у студзені—кастрычніку гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага павялічыўся на 9,2%, колькасць скасаванняў шлюбу паменшылася на 4,9%. На тысячу шлюбаў сёлета прыходзіцца 439 скасаванняў, тады як за 10 месяцаў мінулага года — 504.

«Адным з найважнейшых фактараў, якія ўплываюць не толькі на колькасць насельніцтва і яго склад, але і на многія сацыяльна-эканамічныя паказчыкі, з'яўляецца міграцыя насельніцтва», — адзначаюць у статупраўленні.

За 10 месяцаў гэтага года ў Мінск прыбыло 36.405 чалавек, выбыла 24.826 чалавек. Міграцыйны прырост склаў 11.579 чалавек і перавысіў натуральны прырост у 2,5 разу.

Асноўны абмен адбываўся паміж сталіцай і абласцямі Беларусі (89,1% ад ліку ўсіх, хто прыехаў, і 93,2% — выбыўшых). На долю міжнароднай міграцыі прыйшлося 10,9% ад агульнага ліку прыехаўшых і 6,8% ад колькасці выехаўшых. За 10 месяцаў гэтага года ў Мінск прыехалі мігранты з 85 краін. За такі ж перыяд мінчане выехалі з горада ў 58 краін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?