Адбываць пакаранне рэжысёр з народа будзе ў Шклове. Апошнія дні волі Руслан выкарыстаў для здымкаў антынаркатычнага фільма.

Руслана Мірзоева асудзілі яшчэ ў пятніцу 13 снежня. Яму далі год пазбаўлення волі за парушэнні падчас адбывання хатняй хіміі.

Да Новага года Мірзоеў прабудзе ў СІЗА, пасля - яго адправяць у шклоўскую калонію агульнага рэжыму.

Крыніца паведаміла Еўрарадыё, што нейкіх асаблівых прэтэнзій на судзе Мірзоеў не прад’яўляў. Толькі паскардзіўся сваякам, што ў камеры «з 18 чалавек курыць 17».

Праблемы ў Руслана Мірзоева пачаліся пасля выхаду яго хітовых дакументалак - «Хронікі МАЗа» і «Хронікі раёна».

У фільмах рэжысёр з народа выкрываў заганы сучаснай беларускай прамысловасці і паказваў, як жывуць нізы гарадскога грамадства. Мірзоеву далі 15 сутак за дробнае хуліганства (ненарматыўную лексіку ў кіно), а пасля распачалі крымінальную справу за парушэнні падчас адбывання хатняй хіміі.

У пазнейшых стужках Мірзоеў скараціў мацюкі, пачаў разважаць на філасофскія тэмы і займацца прапагандай здаровага ладу жыцця.

У апошнія дні перад зняволеннем Мірзоеў паўдзельнічаў у здымках новага антынаркатычнага фільма. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?