У Беластоцкім універсітэце збіраюцца ліквідаваць беларускую філалогію
Скарачэнні ў Беластоцкім універсітэце: рада філалагічнага факультэту ВНУ прыняла пастанову прыпыніць набор студэнтаў на некаторыя аддзяленні ды спецыялізацыі. Рашэнне, між іншым, датычыць аддзялення беларускай філалогіі і ўсіх яго спецыялізацыяў. Пакуль пастанова чакае зацвярджэння Сенату ўніверсітэта.
«Галоўная прычына прыпынення набору – вельмі слабая зацікаўленасць гэтымі кірункамі і спецыялізацыямі. Напрыклад, сёлета заяву аб прыняцці на ўсе чатыры спецыялізацыі бакалаўрыяту па беларускай філалогіі падалі толькі 8 кандыдатаў.
Нават калі б ўсе гэтыя асобы насамрэч вырашыліся тут вучыцца (звычайна гэта робіць толькі частка з заяўленых кандыдатаў), гэта занадта малая колькасць, каб распачынаць навучанне», – тлумачыць прэсавы сакратар Беластоцкага ўніверсітэту Катажына Дзедзкі (Katarzyna Dziedzki).
Прыпыняецца таксама набор на дзённае аддзяленне бакалаўрыяту па французскай філалогіі для кандыдатаў, якія валодаюць гэтаю моваю.
З’явілася неафіцыйная інфармацыя аб прыпыненні набору і на расейскую філалогію.
Паводле перапісу насельніцтва 2002 года, каля 48 тыс. польскіх грамадзянаў — гэта беларусы.
Больш за 40 тыс. жыхароў Польшчы выкарыстоўвае ў побыце беларускую мову.
Беласток — цэнтр Падляскага ваяводства ў Польшчы, у якім жывуць каля 97 % усіх беларусаў гэтай краіны. Беларусы Падляшша — карэннае насельніцтва гэтага рэгіёну.
Некалькі гадоў таму аддзяленне беларускай філалогіі таксама праз брак ахвотных вывучаць беларускую мову зліквідавалі ва Універсітэце імя Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне (Польшча).
Каментары