Віктар Зубкоў

Кандыдатуру прэм’ер‑міністра Расеі Віктара Зубкова ўнесьлі на разгляд Вышэйшай дзяржаўнай рады Саюзнай дзяржавы Расеі й Беларусі. Магчыма, яго зацьвердзяць на пост кіраўніка саюзнага ўраду. Пра гэта ў чацьвер паведаміла прэсавая служба прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Пасьля разгляду кандыдатуры пройдзе паседжаньне саюзнага ўраду. Чакаецца, што паседжаньне Рады міністраў Саюзнай дзяржавы пройдзе 19 кастрычніка ў Менску. Гэта мерапрыемства плянавалася на 21 верасьня, але з‑за адстаўкі расейскага ўраду й прызначэньня новага прэм’ер‑міністра дату перанесьлі.

У ВДР уваходзяць прэзыдэнты, прэм’еры й сьпікеры парлямэнтаў Расеі й Беларусі. Раней пост кіраўніка саюзнай дзяржавы займаў экс‑прэм’ер‑міністар Расеі Міхаіл Фрадкоў.

Рада міністраў — выканаўчы орган Саюзнай дзяржавы. Туды ўваходзяць кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў, міністры эканомікі, кіраўнікі галоўных галіновых органаў кіраваньня Саюзнай дзяржавы, а таксама дзяржсакратар. Кіраўніка Рады міністраў прызначае ВДР. На гэты пост прэтэндуюць толькі прэм’ер‑міністры на ратацыйнай аснове.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0