На лістападаўскім саміце Усходняга партнёрства ў Вільні Малдова нарэшце парафіравала пагадненне аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. Да паўнавартаснага сяброўства ў арганізацыі яшчэ далёка, але асноўныя бонусы ад выбару заходняга вектара развіцця Малдова хоча атрымаць ужо налета. Для эканомікі краіны — гэта ўвядзенне зоны свабоднага гандлю з ЕС. А грамадзяне спадзяюцца, што шэнгенскія візы для іх будуць цалкам адмененыя.
Лідар па рэформах
Яшчэ некалькі месяцаў таму еўракамісар па пытаннях палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле заявіў, што Малдова — лідар Усходняга партнёрства па выніках праведзеных рэформаў. А значыцца, кіруючыся прынцыпамі Еўрасаюза, і лідарам па аб’ёме фінансавай дапамогі. «З 2010 да 2013 толькі ў выглядзе грантаў у Малдову трапіла 550 мільёнаў еўра», — заявіў кіраўнік дэлегацыі Еўрасаюза Дзірк Шубель. І гэта без уліку крэдытаў і грошай фондаў. На што пайшлі сродкі і ці прыносяць яны Малдове карысць?
«Еўрасаюз і ЗША «падкармліваюць» Малдову ад часу атрымання незалежнасці. Гаворка ідзе пра мільярды еўра. Гэта і дапамога недзяржаўным арганізацыям, і спонсарства рэформаў, і грошы на інфраструктурныя праекты, — тлумачыць палітолаг Аляксандр Мэлуш. — Працоўная сіла ў Малдове танная, тэрыторыя маленькая, у параўнанні з тымі ж Беларуссю і Украінай. За гэтыя грошы можна было ўсю краіну перабудаваць».
Малдаўскае бездарожжа
Расія, прадаючы Беларусі танныя нафту і газ, дае грошы на эканоміку ў цэлым. Еўрапейцы ж выдзяляюць сродкі на канкрэтныя мэты.
Напрыклад, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця рэалізуе ў Малдове 99 праектаў агульным коштам 1,6 мільярда еўра. Апошняя заключаная дамова — будаўніцтва завода па вытворчасці электракабеляў для аўтамабіляў. Гэта крэдытныя грошы, якія выдаюцца пад нізкі працэнт. У залежнасці ад праекта стаўка вар’іруецца ад 1,5 да 5% гадавых.
Большасць агульнага аб’ёму фінансавання забірае дарожная інфраструктура. Яе развіццё ў Малдове застаецца на катастрафічным узроўні. Што казаць, калі шлях на чыгунцы ад Кішынёва да Бухарэста займае больш за 10 гадзін! І гэта без уліку стаянкі на прыпынках, праходжання мяжы і замены колаў на еўрапейскія. Для параўнання, такую ж адлегласць — 430 км — ад Брэста да Барысава беларуская чыгунка пераадольвае за пяць гадзін чыстай дарогі. Нядзіва, што напаўпусты чыгуначны вакзал Кішынёва прымае за дзень усяго па шэсцьсем цягнікоў.
З дапамогай еўрапейцаў пановаму паедзе ўвесь транспарт. На будаўніцтва новых дарог і аднаўленне старых участкаў выдаткоўваецца 315 мільёнаў еўра, яшчэ 50 мільёнаў еўра — на мадэрнізацыю чыгуначнай інфраструктуры.
Не едзе, затое новы
Зрэшты, правальныя праекты не рэдкасць і для Малдовы. Адным з прыкладаў стала мадэрнізацыя дызельных цягнікоў, якія засталіся ў краіне яшчэ ад савецкіх часоў. Купляць новыя саставы было задорага, таму даручылі румынам абнавіць старыя. Тыя ўзялі па 2,5 мільёна еўра за мадэрнізацыю кожнага. Вонкава саставы насамрэч выглядаюць як новыя. А вось унутры… «Раней, да абнаўлення, яны хоць неяк ездзілі, — чартыхаецца супрацоўніца вакзала. — А гэтыя праз месяц пачалі сталі ламацца і цяпер стаяць усе па чарзе на рамонце. Ды і саляркі жаруць столькі ж, як раней… Пакралі грошы». Цяпер кіраўніцтва чыгункі патрабуе кампенсацыю ад былога міністра транспарту, які ў свой час падпісаў сумніўны кантракт.
Карупцыя на антыкарупцыйнай рэформе
Пераход малдаўскага заканадаўства на стандарты Еўрасаюза перадусім рабіўся за грошы самой жа Еўропы. Напрыклад, некалькі месяцаў таму Малдове было паабяцана 60 мільёнаў еўра на рэформу пракуратуры, паліцыі і цэнтра па барацьбе з карупцыяй. «Частка грошай губляецца пры праходзе праз бюракратычныя перашкоды. Напрыклад, сродкі выдаткоўваюцца на кансультацыі службоўцаў ці сілавікоў еўрапейскімі спецыялістамі. У выніку ў еўрапейцаў грошы і застаюцца. Ну, і ў самой краіне мала які праект абыходзіцца без карупцыі. Гэта ўспрымаецца малдаванамі як нармальны атрыбут дзяльбы еўрапейскага пірага», — прызнае Аляксандр Мэлуш.
Аднак многія рэформы даходзяць і да простых людзей. З дапамогай Еўрасаюза па ўсёй краіне былі абсталяваныя новай тэхнікай каля 80 паліклінік і бальніц. А замест бясплатнай медыцыны тым часам з’явілася страхавая — спроба частковага самаакупання.
Імпартнае даражэйшае за сваё
Малдова спрадвеку лічылася аграрнай краінай. У сельскай гаспадарцы ўлады дагэтуль бачаць галоўны экспартны патэнцыял краіны. Аднак на рынку Еўрасаюза малдаўская прадукцыя ў цяперашнім выглядзе пакуль што неканкурэнтаздольная. «Я магу набыць якаснае мясцовае малако, але яно будзе нават даражэйшым за імпартнае, — абураецца Павел, дырэктар дробнага кішынёўскага рэстарана. — Урэшце я і закупляю малдаўскае, але толькі таму, што фермерствам займаецца сваяк».
На субсідаванне фермерскіх гаспадарак у Малдове цяпер траціцца каля 30 мільёнаў еўра штогод — каля 20 еўра на гектар за год. Фермеры, якія праз прыродныя з’явы атрымалі страты, могуць разлічваць на ўдвая большую субсідыю.
«Малдаўскія фермеры пакуль не гатовыя да зоны свабоднага гандлю. Для гэтага нам трэба мадэрнізаваць сельскую гаспадарку», — кажа старшыня Асацыяцыі сельскагаспадарчых вытворцаў Аляксандр Слухар. Аднак ён прызнае, што развіццё галіны можа адбыцца толькі за кошт Еўропы. У чаканні дадатковай дапамогі малдаўскія фермеры адмовіліся далучацца да акцый пратэсту камуністаў, якія выступаюць супраць інтэграцыі з Еўрасаюзам.
Мадэрнізаваныя цягнікі выглядаюць паеўрапейску, вось толькі не едуць.