Фота allbiathlon.com 

Біятлонны аглядальнік сайта goals.by. Андрэй Маслоўскі падзяліўся сваімі ўражаннямі аб пачатку сезону ў «страляючых лыжнікаў».

«Наша Ніва»: Ужо мінула тры этапы, але ў беларусаў няма ніводнага медаля. Чым растлумачыць такое не самае ўпэўненае выступленне?

Андрэй Маслоўскі: Мне здаецца, што гэта звязана з алімпійскім сезонам. Большасць спартсменаў будзе імкнуцца выйсці на пік формы ў лютым, калі адбудуцца Гульні ў Сочы, праз гэта былі ўнесеныя карэктывы ў падрыхтоўчы этап. Хаця вось у мужчын француз Фуркад пабег з першых этапаў. Магчыма, ён проста настолькі круты, што нават у не самай найлепшай форме мацнейшы за ўсіх астатніх. Тыя ж нарвежцы пакуль зусім не ўражваюць.

«НН»: Жаночыя вынікі здзіўляюць. Перамогу атрым­лівала швейцарка Гаспарын, нарвежка Салемдал — гэта не самыя моцныя атлеткі. Сёлета не будзе аднаго лідара ў жаночым біятлоне?

АМ: Асабіста я чакаў большага ад нарвежкі Туры Бергер. Але ў яе пакуль праблемы і са стральбой, і з бегам. Страшна цікава назіраць, калі гонкі выйграюць не самыя вядомыя біятланісткі.

«НН»: Домрачава можа стаць лідарам жаночага біятлона?

АМ: Напэўна, гэта не зусім патрыятычна, але я ў гэта не веру. Канечне, калі яна страляе дакладна, то суперніц для яе няма. Але Даша не можа прайсці дыстанцыю без промахаў з сакавіка 2012 года. За ўвесь мінулы сезон у яе не было ніводнай гонкі без трапляння ў «малако»! Гэта цісне псіхалагічна. Па дыстанцыі яна прывозіць суперніцам 30­-40 секунд, але гэтага мала без падрыхтоўкі на стрэльбішчы. Я пакуль не бачу, за кошт чаго беларуска можа справіцца з гэтымі праблемамі.

«НН»: Чаму разгарэўся такі скандал вакол пераходу ў Беларусь расійскай біятланісткі Настассі Каліны? Здаецца, гэта ж не самая выбітная спартсменка.

АМ: Шуміху паднялі расіяне. Ім не спадабалася, як Настасся афармляла пераход у зборную Беларусі. Таемна, пры гэтым атрымліваючы там грошыкі. Сама Каліна кажа пра каханне да беларуса, што хутка выйдзе замуж. Яе ж сястра кажа зусім адваротнае, пра матэрыяльны бок справы. Ніхто не абмяркоўвае, што Расея ўпусціла перспектыўную спартсменку, усе кажуць пра этычны бок справы. Асабіста я супраць такога завозу атлетаў. Нашы дзяўчаты Юркевіч і Толкач нічым не горшыя.

«НН»: Ці можна чакаць прарыву ад беларускіх мужчын?

АМ: У эстафеце глядзеліся даволі бадзёранька. Мне чамусьці верыцца ў новага галоўнага трэнера Алега Рыжанкова, ён помніцца як легендарны біятланіст. Верыцца, што ён зможа надаць нейкі імпульс. Калі мужчыны будуць у гэтым сезоне падыходзіць да 20-­30 месцаў — гэта ўжо можна будзе лічыць значным скачком наперад.

«НН»: Легендарнасць папярэдняга трэнера беларусаў Рафаэля Пуарэ проста зашкальвала. Чаму тады не атрымалася ў яго?

АМ: Ён не да канца зразумеў, куды ж трапіў. У нас не любяць такіх людзей, якія адкрыта выказваюць сваю пазіцыю. Магчыма, Пуарэ проста не далі рэалізаваць сваю методыку.

«НН»: Дык чаго чакаць беларусам ад біятланістаў на хуткай Алімпіядзе?

АМ: Да Алімпіяды і Домрачава, і Скардзіна павінны выйсці на аптымальны ўзровень. Я думаю, што хоць адзін залаты медаль у Сочы павінен застацца нашым.

***

Кубак свету і Алімпіяда

Біятланістаў чакаюць наступныя этапы ў гэтым сезоне:

3-5 студзеня: Оберхоф (Германія)
8-12 студзеня: Рупольдынг (Германія)
16-19 студзеня: Антхольц (Італія)
8-22 лютага: Алімпіяда ў Сочы (Расія)
6-9 сакавіка: Паклюка (Славенія)
13-16 сакавіка: Кантыялахці (Фінляндыя)
20-23 сакавіка: Халменколен (Нарвегія)

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру