З кватэры забралі ноўтбукі, дыскі, біту, а таксама ўлёткі, газеты і налепкі незарэгістраванай партыі БХД.

Праз дзень пасля бойкі беларусаў з туркменамі, якая адбылася 13 снежня ў Баранавічах, актывіста незарэгістраванай палітычнай партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Арцёма Бабея міліцыя затрымала для высвятлення асобы.

А 18 снежня, прыкладна ў 20.45, у яго кватэры правялі ператрус, піша Іntex-press.

Сам Арцём, якому 21 год, не жыве па месцы прапіскі, таму «гасцей» з праваахоўных органаў сустракалі яго старэйшы брат і мама.

«Двое людзей у форме паказалі мне паперу, падпісаную чалавекам са Следчага камітэта, у якой было напісана, што нейкі хлопец з групай невядомых асобаў 13 снежня на плошчы Леніна чапляўся да асоб небеларускай нацыянальнасці і прадпрымаў супраць іх хуліганскія дзеянні.

І каб знайсці матэрыялы і рэчы, якія дапамогуць знайсці невядомых, у кватэры Арцёма дазволена правесці ператрус. Нам не дазволілі зрабіць копію гэтай паперы, таму кажу вам па памяці.

А як звязаны з той бойкай мой Арцём, мне не растлумачылі», — расказала Ірына Карніцкая, мама Арцёма.

Ірына адзначыла, што «людзей у форме больш цікавілі паперы Арцёма, чым рэчавыя доказы яго дачынення да бойкі».

«Яны перагортвалі старыя падручнікі, разглядалі канверты, у якіх Арцёму прыходзяць газеты і лісты з аргкамітэта БХД. Вельмі іх зацікавілі налепкі з гербам «Пагоня», іх канфіскавалі. Забралі і ўлёткі, прысвечаныя акцыям БХД.

Пытаю іх, якім чынам улёткі «Моладзь супраць спайса» і «Мы — за сямейныя каштоўнасці» могуць быць звязаныя з бойкай з замежнікамі? Мы, кажуць, толькі выконваем даручэнні, — расказала Ірына Карніцкая.

Праз дзве гадзіны ператрус скончылі, з кватэры былі канфіскаваныя два ноўтбукі (Ірыны і брата Арцёма), 45 дыскаў, флэшкі, плакаты, прывезеныя Арцёмам з Літвы, газеты, якія выдаюцца аргкамітэтам БХД, улёткі, налепкі, а таксама біта, якую знайшлі на балконе.

«Шчыра кажучы, гэтай бітай хіба што толькі бульбу таўчы, але гэта для іх, напэўна, важны доказ», — мяркуе Ірына.

Па словах самога Арцёма, вечарам 13 снежня ён да 8 гадзін вечара знаходзіўся ў гасцях у выхавальніцы дзіцячага сада, дзе ён працуе.

Пазней паехаў да бабулі. Па словах Арцёма, абедзве жанчыны змогуць пацвердзіць яго алібі. У дзень свайго затрымання, распавёў Арцём, ён прагульваўся з сябрам у ваенным гарадку. І яго, і таварыша затрымалі і адпусцілі праз 2,5 гадзіны.

У гэты ж дзень міліцыя не аднойчы затрымлівала для высвятлення асобы падлеткаў.

«Пра бойку з грамадзянамі з Туркменістана я ведаю роўна столькі, колькі ведаюць іншыя гараджане са СМІ і «УКантакце». Ніякіх прэтэнзій да туркменаў я не маю.

Мне здаецца, што міліцыі я хутчэй цікавы як член аргкамітэта незарэгістраванай палітычнай партыі, чым як чалавек, які можа біцца з замежнікамі.

«IP» пакуль не ўдалося датэлефанавацца ў Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта, каб даведацца колькі яшчэ ператрусаў было праведзена па гэтай справе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?