Spiegel.de
Маці былога расійскага алігарха Міхаіла Хадаркоўскага, які пасля вызвалення з калоніі адразу прыватным самалётам вылецеў у Берлін, у суботу таксама прыбудзе ў нямецкую сталіцу, каб сустрэцца з сынам, паведаміў выданню Spiegel Online экс-кіраўнік МЗС Германіі Ганс Дытрых Геншэр, які сустракаў Хадаркоўскага ў берлінскім аэрапорце.
Па словах былога шэфа нямецкай дыпламатыі, маці бізнэсоўца Марына, да якой, згодна з першапачатковым паведамленнямі, паехаў у Германію Хадаркоўскі, раней сапраўды праходзіла лячэнне ў Берліне, аднак некаторы час таму вярнулася ў Расію.
Сын у турме нават не ведаў, што маці вярнулася ў Расію.
У суботу, па словах Геншэра, маці збіраецца прыляцець у сталіцу Германіі.
Экс-кіраўнік МЗС Нямеччыны таксама заявіў, што Хадаркоўскі «змарнелы, але шчаслівы, што апынуўся на волі».
У пятніцу прэзідэнт Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб памілаванні Міхаіла Хадаркоўскага, які адбываў тэрмін з 2003 г.
Як стала вядома, Ганс Дытрых Геншэр двойчы сустракаўся з Уладзімірам Пуціным, каб дабіцца вызвалення Хадаркоўскага.
Сам Хадаркоўскі ў Берліне расказаў, што папрасіў вызвалення «ў сувязі з сямейнымі абставінамі». Сваёй віны ён у прашэнні не прызнаў.