Падрабязнасці гэтага рэзананснага здарэння паведаміў тэлеканал АНТ.

Вердыкт па справе вынесла калегія Магілёўскага абласнога суда, якая разглядала касацыйны зварот на рашэнне суда першай інстанцыі, што абавязвала адказчыка — арганізацыю-забудоўшчыка (Бабруйскі завод буйнапанельнага домабудавання) не толькі ліквідаваць праблемы волкасці і цвілі на сценах кватэры Анатоля Кляцко, але і спагнаць з яе ж маральную шкоду ў Br50 млн.

Прадстаўнік Бабруйскага завода буйнапанельнага домабудавання Аляксандр Лабейка ў час пасяджэння калегіі прасіў зменшыць пазоўныя патрабаванні, пагадзіўшыся на ліквідацыю будаўнічых недаробак.

Магілёўскі абласны суд, вывучыўшы матэрыялы справы, прыняў рашэнне ў пазове аб пакрыцці маральнай шкоды адмовіць са спасылкай на закон «Аб абароне правоў спажыўцоў».

Суд палічыў, што заканадаўчая норма распаўсюджваецца на дамоўную аснову. Па справе ж атрымліваецца, што паміж грамадзянінам Кляцко і заводам БПД ніякай дамовы не было заключана. Як высветлілася, дамова ў гаспадара кватэры Анатоля Кляцко сапраўды была заключаная не з бабруйскай будаўнічай арганізацыяй, а са сваім жыллёва-будаўнічым кааператывам. Па словах гаспадара кватэры, атрымаўшы ключы ад яе 4 гады таму, ён беспаспяхова спрабаваў вырашыць праблемы волкасці і цвілі на сценах з дапамогай старшыні свайго ЖБК.

Начальнік юрыдычнага аддзела гарадскога таварыства абароны спажыўцоў Мінска Юрый Варапай лічыць, што ў дадзенай сітуацыі, калі спажывец звярнуўся па гарантыі ў арганізацыю і па гарантыі яго правы не былі выкананыя, то ўступае ў сілу права на якасць, якое дае спажыўцу фактычную падставу звярнуцца па кампенсацыю маральнай шкоды.

Толькі ў працэсе суда будаўнічая арганізацыя нарэшце ўзялася за ліквідацыю недаробак:

уцяпліла сцены паміж кватэрай і лесвічнай пляцоўкай, умацавала гідраізаляцыю. Да гэтага Анатолю Кляцко давялося прайсці чатыры экспертызы і пастаянна перапісвацца з чыноўнікамі. Ці працягне ён судзіцца з патрабаваннем кампенсацыі маральнай шкоды, пазоўнік вырашыць пасля кансультацыі з адвакатам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?