Тэма ўвядзення ў Беларусі так званага падатку на дармаедства не закрытая і патрабуе абмеркавання. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч у інтэрв`ю «Народной газете».
«Цяпер прапрацоўваецца варыянт такога плацяжу як нейкай формы кампенсацыі расходаў дзяржавы на прадастаўленне сацыяльных паслуг насельніцтву. Магу сказаць, што ў бюджэт 2014 года гэты плацеж не трапіў, ён яшчэ патрабуе свайго абмежавання», — сказаў Ермаловіч.
У Міністэрстве фінансаў лічаць, што падставы для ўвядзення такога плацяжу ёсць.
«Мы атрымліваем паслугі аховы здароўя, адукацыі, карыстаемся паслугамі ЖКГ і транспарту, аплачваючы толькі частку іх сабекошту. Але калі чалавек, які працуе, кампенсуе іх кошт праз падаткі, што плаціць у бюджэт і ў Фонд сацабароны, то чалавек, які не працуе, у гэтым не ўдзельнічае. Але ён карыстаецца паслугамі нароўні з усімі», — патлумачыў намеснік кіраўніка Мінфіна.
Таму, прадоўжыў Ермаловіч, адна з прапаноў па механізме збірання гэтага плацяжу звязана з увядзеннем сацыяльных карт, наяўнасць якіх дазволіць грамадзянам, якія працуюць, атрымліваць пэўны набор паслуг бясплатна, а тым, хто афіцыйна нідзе не працуе, прыйдзецца аплачваць кошт гэтых паслуг.
«Наўскідку магу выказаць меркаванне, што сума такога падатку павінна быць нейкай сярэдняй велічынёй падаходнага падатку, што выплачваецца грамадзянамі, і адлічэнняў у Фонд сацабароны.
Самае складанае тут — вызначыць пералік грамадзян, якія трапляюць пад катэгорыю дармаедаў. Усё гэта патрабуе шырокага абмеркавання», — сказаў Максім Ермаловіч.
Між тым раней паведамлялася, што штогадовая сума падатку можа скласці 2,6 млн. рублёў (каля 280 долараў па бягучым курсе).





