Тадэвуш Кандрусевіч

Стварэньне каталіцкай япархіі ў Расеі 2002 году выклікала хвалю абурэньня ў прадстаўнікоў Расейскай Праваслаўнай Царквы і падазронасьць расейскіх уладаў. Прайшло крыху болей за пяць гадоў, і старшыня расейскіх каталікоў падвёў вынікі сваёй 16‑гадовай дзейнасьці ў Расеі. Рашэньнем Папы Рымскага Бэнэдыкта ХVІ ён пераведзены на Менска‑Магілёўскую катэдру.

Ваша Эксцэленцыя, на нядзельнай казані, якую вы прачыталі 23 верасьня ў храме Беззаганнага Зачацьця ў Маскве, вы падвялі вынікі свайго служэньня ў Расеі. Не маглі б вы каротка падвесьці вынік сваёй дзейнасьці для чытачоў «НГ‑религий»? Што ўдалося зрабіць за апошнія 16 гадоў?

Калі я быў прызначаны біскупам у Беларусь у 1989 годзе, мяне пыталі, з чаго я пачну. Я адказваў: «З фундамэнту». Калі праз два гады я апынуўся ў Маскве, то адказаў на такое ж пытаньне: «Пачынаць давядзецца з капаньня каналаў пад фундамэнт». Ва ўсёй Расеі тады было толькі 10 зарэгістраваных парафіяў і восем сьвятароў, двум зь якіх было болей за 80 гадоў. На ўсю краіну працавалі два храмы і чатыры капліцы. Гэта ўсё, з чаго мы пачыналі. Я нават быў вымушаны на працягу паловы году здымаць кут для пражываньня.

Ва ўсёй Расеі тады было толькі 10 зарэгістраваных парафіяў і восем сьвятароў, двум зь якіх было болей за 80 гадоў.

Сёньня ў Каталіцкай Царквы ў Расеі нарамлёвая структура. У нас чатыры япархіі: у Маскве, Саратаве, Новасыбірску і ў Іркуцку. У цяперашні час зарэгістравана каля 230 парафіяў, каля 30 іншых структураў: сэмінарыя, Інстытут філязофіі, тэалёгіі і гісторыі імя Сьвятога Тамаша, дабрачынныя арганізацыі, напрыклад, аддзяленьні Caritas, што маюць статус юрыдычнай асобы. Маецца таксама каля 300 так званых парафіяльных пунктаў, куды сьвятары з прыходаў прыяжджаюць раз у месяц ці яшчэ радзей — у залежнасьці ад адлегласьці.

У той жа час толькі 10 % з 270 каталіцкіх сьвятароў, што працуюць у Расеі, яе грамадзяне. Астатнія — замежнікі, што прыбылі з 22 краінаў сьвету. У нас таксама каля 400 манахінь з усяго сьвету. Многія пытаюць, чаму так шмат замежнікаў. За 81 год з 1918 году па вядомых прычынах ня быў падрыхтаваны і высьвечаны ні адзін каталіцкі сьвятар. Іх проста не было дзе рыхтаваць! Праз гэта і ўсе цяперашнія праблемы.

Толькі ў 1999‑м мы пачалі высьвячаць сваіх сьвятароў. У 2007 годзе я высьвеціў чатырох для маёй япархіі ў Маскве. Сьвятары‑замежнікі — зусім ня наша самамэта. Калі трэба падымаць Царкву, даводзіцца зь нечага пачынаць. Адкуль узяць сьвятароў? Мы ж іх не намалюем! Даводзіцца запрашаць з замежжа. Я ўдзячны ім ад усяго сэрца за тое, што яны прышлі на дапамогу ў цяжкі і адказны час адраджэньня Царквы.

Выходзяць штотыднёвая газэта «Свет Евангелия», шэсьць каталіцкіх часопісаў, дзьве радыёпраграмы — «Радио Дар» у Маскве і «Радио Мария» у Санкт‑Пецярбургу. «Радио Мария» трансьлюе 24 гадзіны на суткі, трансьлюе малітвы і інтэрактыўныя перадачы. Калі я прыяжджаю, мяне амаль заўсёды запрашаюць у жывы эфір. Звычайна я паўгадзіны гавару на якую‑небудзь тэму, а затым паўгадзіны адказваю на пытаньні. Аднойчы патэлефанаваў мітрапаліт Санкт‑Пецярбускі і Ладаскі Ўладзімер (Катляроў), і мы зь ім пагаварылі ў эфіры. Людзям гэта вельмі спадабалася.

Зь першых дзён я паспрабаваў разгарнуць выдавецкую дзейнасьць. З кастрычніка 1917 году ў Расеі не было каталіцкіх выданьняў! Сёньня ў нас працуе некалькі выдавецтваў. За 16 год толькі ў маёй япархіі выдана больш за 600 найменьняў рэлігійнай літаратуры. У Расеі рынак рэлігійнай літаратуры — і праваслаўнай, і пратэстанцкай — вельмі багаты, але мы аказаліся на ім канкурэнтаздольнымі. Месяц таму ў двары храму Беззаганнага Зачацьця быў праведзены кніжны кірмаш, і людзі тоўпіліся каля яткаў цэлы дзень. У нас добра разьвітая дабрачынная дзейнасьць. Яна ажыцьцяўляецца на трох узроўнях — Caritas Расеі, епархіяльныя Caritas і парафіяльныя Caritas. У маёй япархіі ёсьць яшчэ рэгіянальныя Caritas, таму што Масква, Санкт‑Пецярбург і Калінінград разглядаюцца як пастарскія рэгіёны. Наша Царква штогод аказвае дапамогу расейскаму насельніцтву прыкладна на тры мільёны эўра.

З 2000 году мы пачалі працаваць з інтэлігенцыяй, з прафэсарамі, са студэнтамі. Раз на год я служыў імшу, пасьля якой была адмысловая сустрэча зь імі. Многія надта зацікавіліся. Трэба праводзіць пастарскую працу сярод студэнтаў і інтэлігенцыі. Гэта ж будучыя інжынэры, міністры, прэзыдэнты. Я, вядома, іх за руку ў Царкву не прывяду. Але калі я дам ім магчымасьць — нехта прыйдзе. Уся Дзярждума ня будзе складацца з абаронцаў хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Але нейкая праслойка можа зьявіцца.

— Вашы адносіны з Маскоўскім Патрыярхатам складваліся няпроста…

Я зь вялікай павагай ставіўся да Расейскай Праваслаўнай Царквы, стаўлюся і буду ставіцца. У той жа самы час я абараняю правы кожнага чалавека, яго свабоду выбара. Калі ён хоча быць каталіком — гэта яго ўласнае рашэньне.

Што тычыцца ўзаемаадносінаў з Расейскай Праваслаўнай Царквой, то я спрабаваў бачыць у ёй Царкву‑сястру. Я штогод ладзіў тыдзень адзінства хрысьціян — і прыходзіла шмат людзей. Мы арганізавалі міжрэлігійную малітву якраз у той час, калі Папа праводзіў такую малітву ў Асізі. Людзі розных канфэсіяў, рэлігій сабраліся разам. Можа, вядома, тут ня ўсё выйшла. Аднак ні мае высілкі, ні афіцыйная палітыка Царквы не былі накіраваныя на празэлітызм. Гэта абсалютна выключаецца.

Можа быць, мы не заўжды былі зразуметымі. Можа быць, я не заўжды быў зразумелым. Але я зь вялікай павагай ставіўся да Расейскай Праваслаўнай Царквы, стаўлюся і буду ставіцца. У той жа самы час я абараняю правы кожнага чалавека, яго свабоду выбара. Калі ён хоча быць каталіком — гэта яго ўласнае рашэньне. Кожны, хто прыходзіць, на працягу аднаго году праходзіь катэхізацыю. Я думаю, што часу дастаткова, каб зрабіць сьвядомы выбар.

Які аргумэнт высоўвае РПЦ адносна празэлітызму?

Гэта трэба ў іх пытаць. Факт такі, што нас у гэтым абвінавачваюць.

А расейскія навукоўцы абвінавачваюць РПЦ у клерыкалізьме!

Можа, нашы дзеяньні няправільна тлумачыліся. Ва ўсялякім выпадку, я хачу запэўніць, што і на новым месцы служэньня буду старацца, каб Цэрквы збліжаліся. Сёньня асабліва, калі мы стаім перад новымі выклікамі, калі маральны рэлятывізм становіцца новым сымбалем веры. Зычу РПЦ і росквіту, і дабрабыту. Гэта — Царква большасьці, і яна нясе асноўную адказнасьць за адраджэньне грамадзтва.

З чым зьвязаны ваш перавод з Масквы ў Менск? У якой ступені ён абумоўлены станам узаемаадносінаў Маскоўскага Патрыярхату і Ватыкану?

Я не магу адказаць на гэтае пытаньне іначай, чым напісана ў камюніке Апостальскай нунцыятуры. Там гаворыцца, што сёньня ў Беларусі патрэбны чалавек з багатым пастарскім досьведам, навыкамі экумэнічнай дзейнасьці і разьвіцьця адносінаў дзяржавы і грамадзтва. Спэкуляцыі гучаць розныя. Не магу нічога дадаць. Камунікат нунцыятуры — гэта афіцыйная пазыцыя, якую я ў абсалютным паслушэнстве Папу прымаю.

Можна меркаваць, што вас кідаюць на перадавую, паколькі ў вас вялікі досьвед працы якраз на такім пярэднім краі, як Расея. Прайшоўшы расейскі фронт — беларускі вы пацягнеце дакладна! Як вядома, у Беларусі Каталіцкая Царква нашмат больш і ўплывовей, чым у Расеі. Якая праграма вашай дзейнасьці ў сябе на радзіме?

З аднаго боку, я нядрэнна ведаю Каталіцкую Царкву ў Беларусі. Але мінула 16 гадоў. Вельмі шмат памянялася. За гэты час я ўсяго разы тры быў у Менску. Трэба будзе спачатку вывучыць сытуацыю, потым паставіць дыягназ. Я пачну ў бліжэйшыя дні. Еду ў Менск гаварыць пра праграму свайго ўступленьня на пасаду. У Беларусі Царква ў працэнтных адносінах большая, з добра разьвітымі традыцыямі, разгалінаванай структурай парафіяў. Аднак у дзьвюх сэмінарыях усё яшчэ недастаткова кандыдатаў у сьвятары. Іх сьцены мусяць быць запоўненымі. Наколькі я ведаю, пастырская дзейнасьць сярод моладзі там добра разьвітая. Выдавецкую ж дзейнасьць давядзецца наладжваць грунтоўна. Тут адразу відавочныя праблемы: беларуская мова распаўсюджаная толькі ў Беларусі. На расейскай жа гаворыць увесь былы Савецкі Саюз.

Я скіраваны больш выкарыстоўваць СМІ для эвангелізацыі. Сёньня мы не выкарыстоўваем усе тыя магчымасьці, якія дае нам інтэрнэт. Храмы наведваюць многія людзі. Але што гэта значыць у працэнтных адносінаў да той парафіі, да якой мы мусім зьвярнуцца? У Маскве 65 тысяч каталікоў, цэрквы наведваюць максымум пяць тысяч чалавек у нядзелю ці на сьвяты. А дзе астатнія 60 тысяч? Хто данясе да іх Слова Божае?

Сёньня чалавек можа прачытаць пропавед у інтэрнэце — можа, нешта ў душу і западзе.

Сёньня чалавек можа прачытаць казань у інтэрнэце — можа, нешта ў душу і западзе. У сетцы інтэрнэт трэба разьмяшчаць Катэхізіс. Ня проста перадрукоўваць яго, а даць тлумачэньні, камэнтары. Мне здаецца, што ў Беларусі можна будзе наладзіць катэхізацыю для ўсіх — перад нядзельнай імшой ладзіць 15‑хвілінныя чытаньні па якой‑небудзь тэме. І прапрацоўваць яе на працягу году.

Канечне, трэба ўводзіць курсы па вывучэньні Бібліі. Гэтым трэба займацца ў парафіях. У Расеі, дзе сьвятары гэта рабілі, духоўны ўзровень парафіян заўважна вырас. Яны пачалі задаваць сьвятарам самыя розныя пытаньні.

Ну і, вядома, канфэрэнцыі! Тэмаў — маса, у тым ліку пытаньні, паднятыя ў папскіх энцыкліках, пытаньні літургікі. Цяперашні Папа — ня толькі найвялікшы багаслоў, але і цудоўны знаўца літургіі. Ну і тое, што не заўсёды выходзіла ў Расеі: адносіны зь іншымі рэлігіямі і канфэсіямі, перш за ўсё з Расейскай Праваслаўнай Царквой. У мяне заўжды былі добрыя адносіны зь мітрапалітам Філарэтам у Беларусі.

Спадзяюся, што мы зможам знайсьці агульную мову і ў далейшым.

— У верасьні віцэ‑прэм’ер ураду Беларусі Аляксандар Косінец на сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных арганізацый краіны заявіў, што на працягу чатырох гадоў плянуецца замяніць усіх сьвятароў‑замежнікаў у Беларусі на выпускнікоў мясцовых духоўных навучальных устаноў, якія ведаюць беларускую мову і мэнталітэт беларусаў. У першую чаргу гэтая замена павінная тычыць польскіх каталіцкіх сьвятароў. Як бы вы пракамэнтавалі гэтую інфармацыю?

— Я прачытаў гэтую інфармацыю на ангельскай мове. Там дастаткова заблытана гаварылася ці то пра сем, ці то пра чатыры гады. Трэба непасрэдна размаўляць з уладамі, сустракацца з самім Косінцом і гаварыць канкрэтна. Бо акрамя сьвятароў ёсьць і законьнікі. Ордэны — часьцей за ўсё гэта міжнародныя, інтэрнацыянальныя супольнасьці, гэта запісана ў іх статутах. Там будзе і немец, і паляк, і славак, і чэх, і італіец… Калі мы возьмем Рым — там сьвятары з усяго сьвету. У Нямеччыне сёньня вельмі шмат сьвятароў зь Індыі, Польшчы, Інданэзіі, Філіпінаў. Трэба добра вывучыць сытуацыю ў Беларусі, паслухаць, што кажуць мясцовыя каталіцкія біскупы.

Той, хто прыходзіць у чужую краіну, ня можа быць правадніком сваіх нацыянальных ідэй. Ён працуе для Царквы, павінен поўнасьцю ўвайсьці ва ўмовы гэтай Царквы, павінен старацца зразумець мэнталітэт. Павінен ведаць мовы і культуру. Інакш яму няма чаго рабіць у краіне. Калі я пабачу, што сьвятар сьвядома гэтага ня робіць, я адпраўлю яго на радзіму. Гэта я проста тут і цяпер заяўляю. Ён мусіць працаваць для народу, для тых людзей, дзеля якіх ён сюды прыехаў. Гэта абсалютны крытэр. Так было ў Беларусі, дзе я працаваў у канцы 1980х гадоў. Некалькі чалавек тады былі вымушаныя зьехаць.

— У СМІ ў апошні час масіруецца інфармацыя пра тое, што ўлады Беларусі намерваюцца заключыць Канкардат са Сьвятым Пасадам. Наколькі, на ваш погляд, гэта рэальна?

Рэальны Канкардат са Сьвятым Прастолам заключыла Польшча. Гэта было б нармалёва і для Беларусі. Бо Канкардат абазначае, што Царква і дзяржава прымаюць на сябе ўзаемныя абавязкі.

— Што тычыцца Беларусі, то пакуль у мяне інфармацыі на гэты конт няма. Мне здаецца, што гутарка ідзе не пра Канкардат, а пра іншы від пагадненьня. У прэсе яго назвалі Канкардатам. Рэальны Канкардат са Сьвятым Прастолам заключыла Польшча. Гэта было б нармалёва і для Беларусі. Бо Канкардат абазначае, што Царква і дзяржава прымаюць на сябе ўзаемныя абавязкі.

— Ці вы згодныя з тым, што ў палітыцы сёньняшняга Пантыфіка зьявіліся новыя кансэрватыўныя акцэнты? У прыватнасьці, з 14 верасьня гэтага году любы сьвятар Рымска‑Каталіцкай Царквы можа без адмысловага запрашэньня служыць дарэформавую імшу на латыні. На наш погляд, ці можа Трыдэнцкая імша атрымаць новае распаўсюджаньне ў даверанай вам япархіі? Прасьцей кажучы, ці шмат засталося каталіцкаіх сьвятароў, якія ведаюць латынь?

— Латынь ведаць мала. Трэба ведаць літургію. Я выхоўваўся ў сэмінарыі на Трыдэнцкай, старой лацінскай імшы, і таксама перажыў пераход на літоўскую, польскую, беларускую мовы, пакуль служыў у Літве ці Беларусі… Таму, калі я прыехаў у Расею, да службы на расейскай мове я ўжо быў гатовы.

Кожны сьвятар цяпер можа ажыцьцяўляць старую імшу без адмысловага дазволу біскупа. Але гэтая імша мусіць быць запатрабаваная яго парафіяй. Бо ў кожнай імшы прысутнічае дыялёг.

Акрамя таго, лацінскую мову небходна будзе вывучаць царкоўным служачым, якія мусяць адказваць на выклікі сьвятара, а таксама арганісту і хору, інакш імшу не ажыцьцявіць. Я ня ведаю ні аднаго сьвятара, які б сёньня мог па ўсіх правілах выканаць Трыдэнцкую імшу.

Рашэньне Папы я не абмяркоўваю — я яго прымаю! Ёсьць людзі, якія хочуць вяртаньня да старых традыцый, да вытокаў. Магчыма — гэта прычына новаўвядзеньня. Папа зрабіў гэты крок для кансалідацыі Царквы. Аднак на Захадзе ва многіх школах вывучаюць лацінскую мову. У Расеі сёньня ніхто яе не вывучае. Але многія сьвятары ўжо атрымалі ад вернікаў просьбы, нават патрабаваньні: «Мне хочацца лацінскую імшу, калі ў нас будзе лацінская імша?» А што ты ведаеш пра яе?

Я ня буду супраціўляцца таму, каб гэтая імша адбывалася. Але да гэтага павінная быць гатовая і парафія, і духавенства.

— Многія каталікі лічаць, што пазытыўнае адрозьненьне сёньняшняй каталіцкай імшы ад бізантыйскага абраду ў тым, што парафія — непасрэдныя яе ўдзельнікі. Яна заангажаваная ў непасрэдныя, асабістыя стасункі з Богам. А што будзе з лацінскай імшою? Незразумелы рытуал?

Я ня дам служыць на латыні таму, хто ня пройдзе адмысловага іспыту, пакуль ня зьявяцца служкі, якія сапраўды ведаюць парадак богаслужэньня.

— Згодны! У гэтым і заключаны сэнс літургічнай рэформы. Я ня дам служыць на латыні таму, хто ня пройдзе адмысловага іспыту, пакуль ня зьявяцца служкі, якія сапраўды ведаюць парадак богаслужэньня. Я і сам маю павучыцца, таму што прымаў удзел у Трыдэнцкай імшы надта даўно.

Што вы можаце сказаць пра свайго пераемніка Паола Пэццы і які запавет вы яму дасьцё?

Як рэктар Вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў Пецярбургу ён сябе апраўдаў. Паказаў сябе чалавекам эрудаваным, спакойным, памяркоўным, схільным да аналізу. Ён стараецца пабачыць прычыну падзеяў, каб пасьпяхова вырашаць тыя ці іншыя праблемы. Ён часта раіўся са мною, калі патрэбным быў мой удзел. Адным словам, спрабаваў вырашаць пытаньні калегіяльна. Гэта таксама важна. У Расеі Паола Пеццы працуе даўно і карыстаецца вялікай павагай сярод сьвятароў і законьнікаў. Гэта вартая кандыдатура.

Я магу яму пазычыць сапраўднай пастарскай апантанасьці, заснаванай на рэаліях нашага жыцьця, нашай сытуацыі, палажэньня нашай Царквы. Кантакту з парафіяй, сьвятарамі, законьнікамі і вернікамі. У такім падыходзе рэалізуецца паўната Царквы. Я пакідаю частачку свайго сэрца ў Расеі. Тое, што мной было зроблена, — гэта маё дзіця, плён маёй працы, якому ўжо 16 гадоў. Надыходзіць новы этап. Станаўленьне Царквы больш ці менш завершана. Пазычу новаму біскупу сьмеласьці, мужнасьці на гэтым шляху, каб ён вёў Царкву па ўзрастаньні.

Якія неадкладныя праблемы патрабуюць ад яго высілкаў у першую чаргу? Дзе яму прасьцей будзе ладзіць з уладамі — у Піцеры ці ў Маскве?

Цяжка сказаць, у якім горадзе будзе лягчэй ці складаней. Улада становіцца ўсё болей і болей адкрытай. Калі раней гаварылася пра дапамогу толькі Праваслаўнай Царкве, мусульманам і юдэям, у гэтым годзе мы атрымалі агромністае спрыяньне ўраду Масквы: яно адрамантавала вонкавыя сьцены катадральнага сабору і арганізавала яго асьвятленьне. Улады перадалі нам храм Сьвятой Кацярыны ў Санкт‑Пецярбургу пасьля пажару. Летась і сёлета храму выдаткаваная дапамога. Прадугледжаны бюджэт на рамонт храму ў Ноўгарадзе Вялікім і ў Туле. Можа, гэта няшмат, але тым ня менш зьявілася пэўная адкрытасьць. Гэта я лічу добрым пачаткам.

Я — сябра прэзыдэнцкай рады па ўзаемадзеяньні з рэлігійнымі арганізацыямі, прымаў удзел у працы апякунскай рады пры МУС. Улада адкрываецца, таму што адчувае, што аднымі загадамі, забаронамі, распараджэньнямі не дамагчыся парадку. Я шмат разоў прыводзіў у казанях словы літоўскага кардынала Вінцэнтаса Сладкявічуса. Падчас перабудовы ў 1988‑м я прыехаў у Вільню на нейкія ўрачыстасьці, і ён тады сказаў: «Усе пішуць, што перабудова буксуе, ня йдзе. І ня пойдзе! Будзе буксаваць, таму што спачатку трэба перабудаваць самога чалавека!»

Ці вы зьбіраецеся перад ад’ездам у Менск сустрэцца з кім‑небудзь з расейскіх рэлігійных ці грамадзкіх дзеячоў, прадстаўнікоў Расейскай дзяржавы?

Я ўжо напісаў лісты Патрыярху Алексію ІІ і мітрапаліту Кірылу, а таксама зьвярнуўся ў адміністрацыю прэзыдэнта з просьбай пра сустрэчу.

Якія ў вас самыя яркія ўзгадкі пра жыцьцё ў Маскве?

Пэўна, самае яркае ўражаньне — асьвячэньне храму Беззаганнага Зачацьця ў Маскве.

Гаворачы пра частачку сэрца, якую я пакідаю ў Расеі, я меў на ўвазе ўсю працу. Цяжка дзяліць яе на часткі.

Тут было вельмі шмат біскупаў, кардыналаў, прыехаў папскі легат. Бачыць адраджэньне храму, які быў ператвораны ў фабрыку, гэта вялікае шчасьце. Канечне, узгадваецца высьвячэньне першых сьвятароў у 1999 годзе. Адно з самых яркіх успамінаў — адкрыцьцё Духоўнай сэмінарыі. Яна цяпер у Пецярбургу, але была заснаваная ў Маскве ў 1993 годзе.

Гаворачы пра частачку сэрца, якую я пакідаю ў Расеі, я меў на ўвазе ўсю працу. Цяжка дзяліць яе на часткі. Адзін сьвятар‑замежнік сказаў мне пасьля некалькіх гадоў працы ў Расеі: «У сваёй краіне я хрысьціў 200‑300 чалавек, тут ад сілы — 15‑20. Але тут я быў больш шчасьлівым, чым дома. Тут людзі дзесяцігодзьдзямі чакалі сьвятара».

Паводле: Независимая газета

Глядзі яшчэ:
Першая імша і першая казань Тадэвуша Кандрусевіча пасьля новага прызначэньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0