Наш карэспандэнт сустрэўся з Аляксеем М. Вось што той расказаў:

— Ні балота, ні лесу я не баюся, колькі разоў збіраў журавіны, грыбы. Ды і сонца свяціла — добры арыенцір. Ножык і падвячорак пакінулі ў машыне. Не збіраліся доўга хадзіць. Ды і часу не вельмі было. Прыехалі пасля абеду, заставалася збіраць найбольш чатыры гадзіны. Далёка не адысці.

Дзень быў цёплы, як многія дні гэтай восені. Наталля нават пашкадавала, што ўзяла з сабой вязаную кофту. Падперазалася ёю, каб не ўпрэць. Ягад не вельмі каб многа — шмат людзей едзе туды. Але пакрысе, пакрысе ўдваіх вядро падверх назбіралі. Час і на выхад.

Проста каб завесці гутарку з жанчынамі, што праходзілі паўз нас, Наталля спытала, як выходзіць з балота. Тыя паказалі ў адваротны ад патрэбнага нам накірунку. Ну і не дзіва. Яны прыехалі са Смаргоні праз Лешчаняты. Мы — з Вілейкі праз Іжу. Урэшце рушылі і мы.

Але выйсці да берагу адразу не атрымалася. Справа была канава, якую мы не пераходзілі. Злева, куды б трэба было ісці, — дрыгва. Я падабраў па дарозе чыюсьці запальнічку — не паслухаўся жонкі і не выкінуў. Высокія дрэвы наперазе аказваліся не прысадамі ля дарогі, а проста купкамі бяроз сярод балота. Сонца няўмольна садзілася. Людзей ужо не было. Агортвала ноч. І мы пайшлі на захад. Няправільна. Але ўздоўж роўнай канавы. Справа была па-ранейшаму дрыгва. Некуды павінны былі выйсці.

Па беразе канавы ісці было немагчыма — трава ўпояс. Па пералесу паміж балотам і ровам можна, але ўрэшце пачынаеш разумець, чаму джунглі называюцца непралазнымі. Пару разоў выходзіў на бераг рову, каб убачыць ў змроку нейкі масток. Нават раз быў упэўнены, што кладка побач — валялася таўсценная спілаваная бяроза. Нехта, падумалася, збудаваў кладку, а бярэзіна лішняй была. Але дрэва, аказваецца, спілавалі бабры.

Пазваніў з мабілы сябруку ў Вілейку і папрасіў не ставіць машыну ў гараж. Выйдзем, маўляў, да нейкай вёскі, перазвонім.

Патэлефанаваў дзядзька і спытаўся, як нашыя справы, ці даўно з ягад прыехалі. А мы і не прыехалі. Але ісці далей і сэнсу шмат ужо не было. Падняўся месяц. На мабіле высвечвалася то Нароча, то Красназвёздная, то Жодзішкі. Дакладна зарыентавацца было немагчыма. Перад намі шырачэзная глыбокая канава шырынёй вады 5-6 метраў, за ёй далёка-далёка месяц і крыху бліжэй — брэх сабак.

Дзядзька выехаў на пошукі. Думалася, што мы пабачым здалёк фары машыны. Бачылі, ды іншыя. Праз пару гадзінаў пошуку дзядзюхна пагадзіўся са мной, што гэта бессэнсоўна, і мы будзем начаваць ля агню. Запальнічка прыдалася. Мабільнік выключыў, каб на раніцу зарадка засталася.

Месяц а палове другой канчаткова знік. Шукаць сухастоіны на ўзлеску станавілася ўсё цяжэй. Але навучыўся гэта рабіць навобмацак. Жонку ад холаду ўжо не ратавала і кофта. Праўда, яна ўжо не казала: выкінь запальнічку.

У цемры перакуліў вядро з журавінамі. Літр, магчыма, так і застаўся ляжаць на беразе канавы. Гадзіны ў тры на імправізаваным памосце з сухастою, павярнуўшы бакі да вогнішча, неяк на хвілінку прыснулі... Прачнуліся раптам ад нейкага магутнага ўсплёску. Супакоілі сябе тым, што гэта мог быць бяскрыўдны бабёр. Ну, хай сабе і выдра.

У пяць пачало шарэць. У шэсць нават развіднела. І праз туман мы ўбачылі мост праз роў. Учора мы да яго не дайшлі метраў 50-80. Прытушылі агонь і пайшлі на брэх сабак і мычанне кароў.

Праз хвілін сорак мы ўваходзілі ў вёску. Першы сустрэчны, якога, як пасля мы даведаліся, звалі Борам, сказаў нам, што гэта Абрамаўшчына. Я патэлефанаваў дзядзьку, той неўзабаве прыехаў. Пакуль яго чакалі, прыселі на лавачку. Людзі выганялі кароў і, убачыўшы чужых з вёдрамі, ветліва пыталіся: у ягады? А мы не менш ветліва адказвалі: не, з ягад. І гэта была чыстая праўда.

Парады бывалага

Аляксей М. даў некалькі парад нашым чытачам, якія збіраюцца ісці ў балота. І так, бярыце з сабой:

Компас. Самы аб’ектыўны інструмент. Сонца можа схавацца, ды і перамесціцца абавязкова.

Запалкі або запальнічку. Ноч можа застаць не дома і быць сырой і халоднай.

Лёгкі плашчык.

Нож.

Не пашкодзіць 200-300 мілілітраў вады ў бутэлечцы. Журавіны вельмі кіслыя і на самой справе не наталяюць смагі.

Мабілу. Але карыстайцеся ёй разумна. Не сейце паніку на тым канцы. Блізкім куды больш страшна, чым вам.

Не панікуйце. Пасля любой, нават самай доўгай ночы наступае дзень. І любое балота мае бераг.

Аляксандр Манцэвіч «Рэгіянальная газэта»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0