Расія, калі ёй нічога не застанецца, расказаў мітрапаліт Павел, можа і «чарнобыльскі кранік адкрыць» пры патрэбе.

Хай бы ён у сябе ў Расіі гаварыў, што хацеў. Мы і ведаць не ведалі, што там той мітрапаліт гаварыў у сваёй Разані. Але цяпер яго ў Беларусь — дзе пятая частка засыпаная чарнобыльскім попелам і людзі, у каго ў сям’і быў рак шчытавіцы, як і тыя, хто назаўжды страціў сваю малую радзіму, ведаюць, што гэта такое, — прызначылі ўладыкам. І за адно гэтае выказванне ён рызыкуе застацца ў гісторыі нашай краіны празваным Кранікам…

Аб прызначэнні Паўла ў мітрапаліты Мінскія і Слуцкія абвесцілі 25 снежня — на каталіцкае Божае Нараджэнне. Вось Вам, лаціннікі, наш хадзячы мемарандум.

Але пасаджэнне ў Мінску мітрапаліта Паўла — гэта і Лукашэнку званочак. Так, Масква бачыць сваёй суперзадачай у Беларусі — каб і прэзідэнта тут прызначаць, як прызначае іерарха. З разанскіх, карагандзінскіх. Або з мясцовых янычараў. Але каб прызначала Масква! Так, як рабіла некалькі стагоддзяў. Каб не беларускія эліты ці беларуская дынастыя тое вызначала — як хочуць адны, і каб не беларускі народ, як таго дабіваюцца дэмакраты.

А што Лукашэнка можа проціставіць? Прызначэнне мітрапаліта адбылося ў адзін дзень з выдзяленнем Мінску двух мільярдаў даляраў.

У Масквы ёсць і газавы Кран, і нафтавы Кран, і цяпер вось царкоўны Кранік. Ах да, і кранік Астравецкай АЭС хутка паставяць.

У Беларусі пакуль няма кіраўніка, які меў бы волю і смеласць будаваць нацыю. У тым ліку дабіцца самастойнасці для праваслаўнай царквы.

Масква прызначыла мітрапаліта, бо на пачатку 1990-х БПЦ не здолела дабіцца права самой выбіраць свайго прадстаяцеля. Украінцы здолелі — мо таму, што на той момант мітрапалітам у Кіеве быў украінец. А беларусы не здолелі — у тым ліку і таму, што мітрапалітам у Мінску быў рускі, які таго не хацеў.

Каб мець свайго мітрапаліта, які б маліўся за нас, беларусаў, грэшных і недастойных, а не за вялікую Расію, трэба мець сваю царкву — вось пра што нам напомніла гэтае прызначэнне (зрэшты, не ўпэўнены, што чалавек, які з такой лёгкасцю разважае пра адкрыццё чарнобыльскага краніка, увогуле моліцца). А каб мець сваю царкву, трэба мець сваю, беларускую ўладу. Аднаго без другога не будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?