25 снежня, на Божае Нараджэнне, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася ўрачыстая святая Імша. Яе ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці.

На пачатку Імшы ўсіх прывітаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «Хрыстос нарадзіўся — Бог аб’явіўся», — абвесціў Мітрапаліт, віншуючы ўсіх са святам Нараджэння Пана, а таксама з наступаючым Новым годам, і жадаючы, «каб ён быў годам, які мы пражывем разам з Богам», «годам, у якім Бог кожны дзень будзе разам з намі, будзе нараджацца ў нашых сэрцах і нашых душах». «Ён стаіць каля дзвярэй нашага сэрца і стукае! Трэба іх адчыніць», — дадаў іерарх. 

Арцыпастыр павіншаваў са святам і Апостальскага Нунцыя. «З Вашым прыбыццём у Беларусь многае змянілася, — адзначыў Мітрапаліт. — Змяніліся адносіны ў Касцёле, адносіны паміж Беларуссю і Ватыканам».

Арцыбіскуп узгадаў таксама словы Папы Францішка, сказаныя ўчора падчас Імшы пастэркі, аб тым, што ўцелаўленне Божага Сына — гэта асвятленне гісторыі чалавецтва. 

Апостальскі Нунцый сардэчна падзякаваў Мітрапаліту за словы прывітання.

«Дзякуй за тое, што запрасілі мяне, каб я ўзначаліў гэтую Эўхарыстыю, — дадаў прадстаўнік Святога Айца. — Дзякуй Вам за тую працу, якую здзейснілі мы ў гэтым годзе разам з Вамі — гэтую вельмі цяжкую працу. І калі сёння мы ўсміхаемся, дык таму, што атрымалі ад Пана Бога асаблівыя ласкі, якія сталіся Ягоным знакам любові, якую Ён мае да гэтага Касцёла. Дзякуй Вам за Вашу нястомную і цяжкую працу. Дзякуй Богу, Вы атрымалі ад Яго добрае здароўе, таму што Вы працуеце за траіх». «Дзякуй таксама гэтаму цудоўнаму беларускаму народу, які маліўся за нас і дзякуючы малітвам якога мы атрымалі ад Пана Бога тое, што Ён пажадаў нам даць. Дзякуй таксама вам за тое, што вы прысутнічаеце сёння тут і моліцеся з усіх сілаў падчас гэтай урачыстай святой Імшы», — сказаў арцыбіскуп, звяртаючыся да ўсіх вернікаў. 

«Як сумна выглядаюць нябёсы, калі яны пакрыты хмарамі і калі на небе няма сонца! — працягваў Апостальскі Нунцый. — Бога ніхто ніколі не бачыў, — кажа сённяшняе Евангелле. Езус разарваў гэтыя туманы, каб заззяць, як сонца, каб даць нам убачыць Божае аблічча на зямлі. Таксама і ў прыродзе сёння Бог пажадаў раз’ясніць нябёсы і даць нам убачыць сонца». «І калі будзеце выходзіць, паглядзіце на неба, на сонца, — заахвоціў арцыбіскуп вернікаў. — Падзякуйце Богу за гэтае сонца, але перадусім падзякуйце Яму за тое сапраўднае Сонца, якім з’яўляецца Ягоны Сын, за Ягоную любоў — любоў, верную ажно да смерці». 

Па словах прадстаўніка Папы, «Бог разарваў хмары нашай абыякавасці», «нашай дэпрэсіі, безнадзейнасці, з’явіў нам цеплыню Божай любові — любові Айца да нас, такіх, якімі мы ёсць», і гэтая любоў «зазірае сваімі вачыма нам проста ў вочы і кажа нам: «Я стварыў цябе, і Я шчаслівы бачыць цябе такім, якім ты ёсць»». 

«Хачу звярнуцца перадусім да тых, хто лічыць сябе вернікам толькі ў перыяд Божага Нараджэння, хто адчувае патрэбу прыйсці сюды, каб паглядзець у вочы Бога, толькі раз у год, — адзначыў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці.

— Той, хто адчувае любоў, жадае, каб гэтая любоў працягвалася вечна (…) І гэтую любоў, якую мы перажываем сёння, мы жадаем адчуваць кожны дзень, каб адчуваць подых Бога, які прыходзіць да нас у наша жыццё».

Па словах Апостальскага Нунцыя, «гэта таямніца, якая аб’яўляецца для кожнага чалавека так, як ён яе адчувае ў сваім сэрцы, яе нават немагчыма растлумачыць іншаму», але «святло асвятляе сэрца, а сагрэтае сэрца жадае ўсім распавесці пра тое, як добра яно сябе адчувае, жадае ўсім адкрыць гэтую цеплыню, якая ёсць у ім». «Таму кожны з нас становіцца нібыта стражнікам, які стаіць на варце, углядаючыся, каб адразу распавесці іншым, пра тое, што ён бачыць, — дадаў арцыбіскуп. — Сёння мы з’яўляемся стражнікамі Бога, якія стаяць на варце, і, углядаючыся ў далечыню, мы, безумоўна, убачым святло». «Вернемся ж да людзей, вернемся туды, дзе мы жывем, каб распавесці ім пра тое святло і тую цеплыню, якія мы адчуваем, — заклікаў прадстаўнік Папы. — Каб расказаць нашаму беларускаму народу: паглядзі, я ўбачыў святло, я ўбачыў надзею, я ўбачыў будучыню, якая ёсць».

«Гэта Божае абяцанне — а Бог заўсёды застаецца верным свайму абяцанню, — падкрэсліў іерарх. — Няўжо ж вы думаеце, што і для беларускага народа Бог не падрыхтаваў сваім нараджэннем спецыяльнага, асаблівага месца? Няўжо вы не думаце, што ўвесь той цяжар выпрабаванняў, якімі вы жылі на працягу мінулых дзесяцігоддзяў, прыпадабняе вас да самога Хрыста, які нёс цяжар крыжа, ідучы на Кальварыю? І ці вы думаеце, што Бог, гледзячы з неба на вернасць і цярпенні свайго Сына, не дасць Яму будучыню ўваскрасення — таксама і вашаму народу?»

«Бог, які нараджаецца, нараджаецца сёння для таго, каб быць з намі, каб памерці за нас, каб мы мелі жыццё праз Яго, — заўважыў арцыбіскуп. — Таму ад імя Папы Францішка, які прыносіць нам любоў з самага сэрца Лацінскай Амерыкі, адкуль ён паходзіць, я кажу вам: не бойцеся, не палохайцеся, не расчароўвайцеся, верце ў тое, што Ён сярод нас».

«Сонца, якое ззяе сёння на нябёсах, Дзіця, якое сёння нараджаецца, — гэта не ілюзія, гэта не міраж; гэта сэнс усёй нашай гісторыі, — падкрэсліў Апостальскі Нунцый. — І ніхто не можа забраць Яго ад нас, таму што гэта не прыватная ўласнасць кагосьці аднаго.

Таму хачу вам сёння скласці пажаданні, каб у вашым жыцці вы заўсёды адчувалі цеплыню Сонца, якім з’яўляецца Бог, які вас любіць. Не дазвольце нікому ніколі пагасіць гэтае Сонца. Гэта нашае багацце, якое падарыў нам укрыжаваны Бог. Усім, хто шукае адказы на складаныя пытанні жыцця, усім, хто пераканаўся, што адказы на гэтыя пытанні не існуюць, і ўжо закрыўся, — усім ім вы, якія прысутнічаце сёння на гэтай Імшы, абвясціце, што радасць ёсць, што ёсць надзея, што ёсць гэтае Сонца, якое ззяе для ўсіх, што да Яго кожны можа прыйсці». 

«І калі сёння мы жадаем адзін аднаму добрых Калядаў, віншуем адзін аднаго са святамі Божага Нараджэння, — гэта не значыць, што мы толькі выказваем гэтыя пажаданні: гэта значыць, што мы абвяшчаем, што гэта ўжо ёсць, што яно заўсёды будзе з намі, гэтае добрае Божае Нараджэнне, — звярнуў увагу арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці. — Папа Францішак абдымае кожнага з вас, кожнага з вас асабіста, гледзячы проста ў вочы, і кажа: «Шчаслівага Божага Нараджэння!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?