У нас не засталося ніводнай просьбы да Расеіі, усе пытанні былі вырашаны ў часе расійска-беларускай сустрэчы на найвышэйшым узроўні, заявіў Аляксандр Лукашэнка пасля перамоваў у Маскве. Пра гэта паведамляюць з Масквы інфармагенцтвы.
«Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што не засталося ніводнага пытання, якое мы маглі б паставіць перад нашымі расіянамі, або просьбы, з якой мы маглі б звярнуцца да вас. Мы сёння вырашылі ўсе пытанні напярэдадні новага года», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на супольнай з Уладзімірам Пуціным прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння найвышэйшай дзяржрады саюзнай дзяржавы.
Нагадаем, што Уладзімір Пуцін 25 снежня паведаміў пра выдзяленне Беларусі дадатковага крэдыту на 2 мільярды даляраў. Ні пра якія ўмовы выдачы грошай ён не паведаміў. Пазыка будзе на 10 гадоў.
Аляксандр Лукашэнка выказаў падзяку ўраду Расіі. Ён заверыў, што, нягледзячы на праблемы, аб'ём тавараабароту паміж дзвюма краінамі не быў паніжаны «катастрафічна». «Без энергетычнага складніка мы нават дадалі. І гэта вельмі важна для нас і для расіян, тым больш для Расіі. Гэта паказчык, што не толькі нафта і газ, як тут многія разважаюць, але і рэальны сектар падымаецца», — адзначыў Лукашэнка.
Падтрымка Расіі, сказаў ён, «не будзе проста так праедзеная, як гэта часта гавораць». «Пачынаючы ад фінішнай вытворчасці вы, такім чынам, падтрымліваеце і сваю эканоміку, расійскую», — сказаў ён. «Хацеў бы сказаць некаторым, якія крытыкуюць ў нас у Беларусі за гэта і расіян у тым ліку, што ні ўрад Расіі, ні прэзідэнт, якія ўмеюць добра лічыць грошы, нічога проста так не робяць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Мы зрабілі яшчэ адзін крок да запаветнай мэты — стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза», — сказаў Лукашэнка.