Сярод прэтэнзій у адрас рэформ, якія праводзіліся ў Грузіі за часамі Міхаіла Саакашвілі, найчасцей гучыць павелічэнне беспрацоўя у краіне. У краіне 16% насельніцтва не маюць сталай працы, але калі дадаць так званых «самаўладкаваных», то атрымліваецца больш за 50% працаздольнага насельніцтва.
У Грузіі даўно існуе такі тэрмін, як «самаўладкаваныя» — гэта тыя людзі, якія афіцыйна не працавалі цягам доўгага тэрміну, і забяспечваюць сям’ю, напрыклад, пры дапамозе ўласнай гаспадаркі. Самаўладкаванасць стала асноўнай формай працоўнай дзейнасці ў Грузіі з сярэдзіны 1990-х. Каб выжыць, людзям даводзілася займацца натуральнай гаспадаркай, і да 2003-га, часу «рэвалюцыі ружаў», самаўладкаванымі былі 58,3% эканамічна актыўнага насельніцтва.
Яшчэ ў 1992-м кіраўніцтва Грузіі правяло зямельную рэформу: прысядзібныя землі аддаваліся ва ўласнае карыстанне бязвыплатна.
Гэтая першая хваля рэформ была вельмі важнай для гаспадаркі краіны, бо фактычна выратавала грузінаў ад голаду.
Другая частка дзяржаўных земляў аддавалася ў арэнду. Але, як часцяком здараецца, нядобрасумленныя арандатары не надта імкнуліся захаваць якасць глебы, а хацелі атрымаць усё адразу і нічога не ўкладаць. Шмат хто з гэтых людзей былі знаёмыя з міністрамі, і таму маглі рабіць што заўгодна на арандаваных землях.
Але такая палітыка захоўвалася толькі да 2005-га: пасля рэвалюцыі ўрад прыняў закон «Аб прыватызацыі зямлі, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці». Раней гэтыя землі не былі прадстаўленыя на зямельным рынку, не выкарыстоўваліся ў якасці закладу для атрымання крэдытаў, не былі сродкам прыцягнення інвестыцый. Гэта запавольвала працэс развіцця сельскай гаспадаркі Грузіі і замінала ствараць новыя працоўныя месцы.
Аграрная рэформа пачалася з аўкцыёнаў, на якіх прадаваліся дзяржаўныя землі. На іх маглі прэтэндаваць толькі жыхары навакольных вёсак. Зямельныя ўчасткі можна было купляць у растэрміноўку — максімальны тэрмін выплаты поўнай сумы складае 9 гадоў. Але калі пакупнік пагасіць доўг раней, ён атрымае льготную цану.
Гэтая рэформа не вырашыла ўсе праблемы сельскай гаспадаркі Грузіі, але палепшыла сітуацыю.
Самы вядомы прыклад — гэта сітуацыя з вырошчваннем ды вытворчасцю чаю.
Грузія штогод закупляе 800-900 тон чаю для ўнутранага спажывання, хоць у мінулым стагоддзі часамі краіна забяспечвала патрэбы велізарнай савецкай імперыі. Па ўсёй тэрыторыі былога СССР былі раскіданыя чайныя фабрыкі, якія займаліся расфасоўкай грузінскай гарбаты.
Эксперты лічаць, што рашэнне праблемы ляжыць на паверхні: трэба ў першую чаргу заняцца традыцыйнымі для рэгіёна відамі гаспадаркі, развіваць і падтрымліваць іх. «Накарміць» краіну могуць толькі такія традыцыйныя галіны, як жывёлагадоўля, птушкагадоўля, пладаводства, вырошчванне вінаграду ды гарбаты. Але аказалася так, што менавіта гэтыя галіны, за выключэннем, мабыць, птушкагадоўлі, знаходзяцца ў заняпадзе.
На думку сябра партыі «Нацыянальны Рух» Зураба Джапарыдзэ, дзяржаўная палітыка павінна заахвочваць людзей, спрыяць развіццю новых тэхналогій, павелічэнню прадуктыўнасці і ўраджайнасці хатніх гаспадарак. «Яна павінна стымуляваць аб'яднанне дробных гаспадарак, стварэнне і развіццё вытворчых і збытавых кааператываў. Гэтыя аб'яднанні могуць палегчыць сумесныя закупкі сельскагаспадарчай тэхнікі, насення і іншых матэрыялаў і продаж гатовай прадукцыі».
Да таго ж, Грузія будзе мець падтрымку з боку Еўрасаюза: бюджэт атрымае 4 мільёны еўра ў рамках праграмы Еўрапейскай палітыкі суседства для сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі. Мяркуецца, што гэта паспрыяе ліквідацыі беднасці ў рэгіёнах.
Пасля рэвалюцыі ружаў у Грузіі сапраўды адбыўся перыяд радыкальных рэформаў, і цяпер, праз 10 год, можна падводзіць вынікі.
Штосьці ў грузінскага народа атрымалася выдатна, штосьці — не вельмі, але людзі насамрэч сталі думаць па-іншаму. Як слушна заўважыў у адным са сваіх інтэрв’ю Міхаіл Саакашвілі, рэвалюцыя толькі пачынаецца на вуліцах са сцягамі, а працягваецца ў галовах людзей. Радыкальныя рэформы (змены ў візавым, транспартным кантролі, знішчэнне ДАІ) прывялі да таго, што людзі пачалі адчуваць сябе інакш — магчыма, яны сталі больш сумленнымі. І не толькі таму, што перасталі даваць хабар.